У Расеі прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй «Мужчынскую дзяржаву»

Уладзіслаў Пазднякоў у Польшчы

Суд у Ніжнім Ноўгарадзе паводле пазову пракуратуры прызнаў «Мужчынскую дзяржаву» экстрэмісцкай арганізацыяй і забараніў яе дзейнасьць на тэрыторыі Расеі.

«Мужчынская дзяржава» ўзьнікла як паблік прыхільнікаў блогера Ўладзіслава Пазднякова ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце». Пасьля таго як паблік быў заблякаваны, асноўнай плятформай для Пазднякова і яго прыхільнікаў стаў канал блогера ў Тэлеграме, які некалькі дзён таму быў таксама заблякаваны. Пазднякоў сьцьвярджае, што выступае за патрыярхат і супраць ідэй фэмінізму.

Рэпартаж з суду вяла «Медиазона». На судзе была зачытаная даведка пра арганізацыю, складзеная расейскім цэнтрам па барацьбе з экстрэмізмам МУС (цэнтар «Э»). Цэнтар апісаў «Мужское государство» як «радыкальны патрыярхат, мэта якога — зьмяненьне канстытуцыйнага ладу», які выступае супраць дзейнага палітычнага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стваральнікаў «Мужчынскай дзяржавы» расейскі суд паслаў у калёнію

Прыхільнікі «Мужчынскай дзяржавы» выступаюць супраць ідэй фэмінізму і талерантнасьці. Яны нярэдка пагражалі гвалтам, арганізоўвалі цкаваньне жанчын і прадстаўнікоў ЛГБТ. Пазднякоў у 2018 годзе быў асуджаны ў Расеі на два гады ўмоўна ў справе аб распальваньні нянавісьці да жанчын. Ён зьехаў за мяжу, суд пасьля адмяніў вырак.

Сёлета прыхільнікі «Мужчынскай дзяржавы» ладзілі рэзанансныя атакі ў інтэрнэце, у прыватнасьці, на расейскія сеткі рэстаранаў за рэкляму з удзелам цемнаскурых. Акрамя нэгатыўных камэнтароў у сеціве, яны рабілі онлайн-замовы і адмаўляліся іх аплачваць, а таксама ладзілі супраць рэстаранных сайтаў DDOS-атакі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць стваральніка «Мужчынскай дзяржавы» завялі справу за распальваньне нянавісьці да жанчын