Лаўроў заявіў, што Расея з 1 лістапада прыпыняе працу свайго прадстаўніцтва пры NATO

Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што яго краіна з 1 лістапада прыпыняе працу пастаяннага прадстаўніцтва РФ пры NATO.

Інфармацыйнае бюро NATO ў Маскве таксама спыніць сваю дзейнасьць.

Такое рашэньне Расея прыняла ў якасьці мер у адказ пасьля рашэньня NATO аб высылцы васьмі расейскіх супрацоўнікаў і скасаваньні дзьвюх пасад у пастаянным прадстаўніцтве РФ пры альянсе ў Брусэлі з прычыны «зламысных дзеяньняў Расеі». У выніку колькасьць місіі была скарочаная з 20 да 10 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO пазбавіў акрэдытацыі 8 супрацоўнікаў расeйскай місіі пры альянсе

Афіцыйны прадстаўнік NATO тады сказаў, што высланыя супрацоўнікі прадстаўніцтва былі афіцэрамі расейскай выведкі.

«Палітыка NATO ў дачыненьні да Расеі застаецца пасьлядоўнай. Мы ўзмацнілі стрымліваньне і абарону ў адказ на агрэсіўныя дзеяньні Расеі і ў той жа час застаёмся адкрытымі для канструктыўнага дыялёгу», — заявіў афіцыйны прадстаўнік NATO.