Летась Літва фінансавала навучаньне 103 беларусаў.
Як вырашыў літоўскі ўрад, штогод міністэрства можа фінансаваць навучаньне 110 беларусаў, якія паступаюць на праграмы першага ўзроўню.
Больш за ўсё студэнтаў будзе ў Віленскім унівэрсытэце (ВУ), аднак іх значна менш, чым летась. Сёлета міністэрства будзе фінансаваць навучаньне 26 беларусаў, само ВНУ яшчэ 25 беларусам будзе выплачваць стыпэндыі 200-300 эўра. Летась ВУ прыняў амаль сто студэнтаў зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва гатовая прыняць студэнтаў зь БеларусіПрарэктар па навучальнай частцы ВУ Валдас Яскунас адзначае, што цікавасьць да навучаньня ў Літве зьніжаецца. Ён зазначае, што гэта абумоўлена некалькімі прычынамі, асноўная — студэнтам ўсё складаней выехаць зь Беларусі, складанейшымі сталі працэдуры, узгадненьне, атрыманьне дазволаў, візаў.
«Тыя, хто выехаў, ня могуць вярнуцца цягам паўгода», — дадаў ён.
Летась студэнты маглі вучыцца дыстанцыйна, а сёлета неабходна фізычная прысутнасьць у вышэйшай школе.
Акрамя таго, Яскунас адзначыў, што ўскладнілася інфармаваньне патэнцыйных студэнтаў зь Беларусі. Афіцыйныя каналы камунікацыі закрытыя, маркетынг ускладнены. Летась інфармацыя распаўсюджвалася праз апазыцыйныя каналы, а сёлета яны былі менш эфэктыўнымі.
Намесьнік рэктара расказаў, што былі такія праграмы, дзе адсеў студэнтаў склаў і траціну, аднак агульны працэнт тых, хто перапыніў навучаньне, трохі вышэйшы за 10, што адпавядае сярэдняму паказьніку па ўнівэрсытэце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навукоўцы і дзеячы культуры заклікаюць Эўразьвяз стварыць Усходнеэўрапейскі ўнівэрсытэт для расейцаў і беларусаўЛетась урад Літвы зацьвердзіў плян дапамогі людзям Беларусі. Згодна з гэтым плянам фінансавую дапамогу на навучаньне могуць атрымаць да 110 студэнтаў зь Беларусі штогод.
Таксама свае фонды заснавалі некаторыя ВНУ Літвы.
У Вільні з 2005 году дзейнічае Эўрапейскі гуманітарны унівэрсытэт, які быў заснаваны ў 1992 годзе ў Менску, а затым зачынены ўладамі. У ім навучаюцца каля 800 студэнтаў, пераважна зь Беларусі.