Пра гэта паведамляе ВВС са спасылкай на брытанскі ўрад.
Алі ўтрымліваецца пад вартай. Папярэдне, да пятніцы будзе весьціся яго допыт.
Некаторы час таму ўлады ў Вялікабрытаніі прыцягнулі Алі да ўдзелу ў праграме па супрацьдзеяньні экстрэмізму і радыкалізацыі жыхароў, але цікавасьці для спэцслужбаў ён не ўяўляў. 15 кастрычніка, у дзень забойства сэра Эміса ў Эсэксе, паліцыя заявіла, што папярэднія высновы сьледзтва паказваюць на сувязь з радыкальнымі ісламістамі як на патэнцыйны матыў злачынства.
Алі Харбі Алі ўтрымліваецца пад арыштам у Лёндане. Раней пра падазраванага ў забойстве паведамлялася толькі, што яму 25 гадоў.
Яго бацька Харбі Алі Кулан ужо меў размову з паліцыянтамі, якія канфіскавалі ягоны тэлефон.
Таксама ў публікацыі ВВС гаворыцца, што ў суботу паліцыя правяла ператрусы ў Лёндане па трох адрасах. Да гэтага сьледзтва заяўляла, што акрамя Алі больш нікога не шукае.
Напад на 69-гадовага парлямэнтарыя Дэвіда Эміса быў учынены ў царкве гораду Лі-он-Сі, на сустрэчы з выбарнікамі. Нападнік нанёс палітыку множныя нажавыя раненьні, ад якіх той сканаў на месцы, нягледзячы на спробы лекараў выратаваць яго жыцьцё.
Эміс быў членам Кансэрватыўнай партыі і засядаў у парлямэнце з 1983 году. Ён другі забіты брытанскі заканадаўца за апошнія 5 гадоў. У чэрвені 2016 года таксама на сустрэчы з выбарнікамі быў зьдзейсьнены напад на прадстаўніцу Лейбарысцкай партыі Джо Кокс.