Звольнілі спартовага чыноўніка, які меўся «навесьці парадак». Ён падпісваўся за Бабарыку

Ілюстрацыйная выява

Як паведамляе выданьне «Tribuna», з пасады кіраўніка Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы звольнілі Анатоля Макарэвіча. Ён працаваў на гэтай пасадзе год і запомніўся перасьледам лёгкаатлетаў, якія выказваліся супраць улады.

Менавіта пасьля прыходу Макарэвіча ў РЦАП з цэнтру звольнілі лёгкаатлетак Дар’ю Барысевіч, Вольгу Мазуронак, Сьвятлану Кудзеліч разам зь яе трэнэрам і мужам Ігарам Жаваранкам.

«Як казалі паміж сабой самі спартоўцы, Макарэвіча спэцыяльна прыслалі зь Мінспорту, каб ён наводзіў „парадак“ пасьля выбараў, і ціснуць на нязгодных было яго задачай», — піша выданьне.

Прычынай звальненьня самога Макарэвіча, як сьцьвярджае Tribuna, стаў яго подпіс за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Віктара Бабарыкі. Паводле выданьня, за подпіс у падтрымку Бабарыкі не працягнулі кантракт і з дырэктарам РЦАП па мастацкай гімнастыцы Міхаілам Еўсюком.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія футбалісты будуць зарабляць менш

За той жа подпіс за Бабарыку не працягнулі кантракт са старшым трэнэрам нацыянальнай каманды па вольнай барацьбе Юрыем Жызьнеўскім.