У 2021 годзе «Найлепшай кнігай для дзяцей і падлеткаў» стала кніга Вольгі Гапеевай «Адна шкарпэтка і іншыя гісторыі» (выдавецтва «Галіяфы»), паведамляе зьліквідаваны ўладамі Саюз беларускіх пісьменьнікаў.
У намінацыі «Найлепшае мастацкае афармленьне» перамогу атрымаў Валер Славук, які аздобіў збор чарадзейных казак «Вядзьмар, які рабіўся ваўком» (выдавецтва «Янушкевіч»).
У складзе літаратурнага журы ў гэтым годзе працавалі Вера Жыбуль (Бурлак), Наста Грышчук, Натальля Мядзьведзь, Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская і Ціхан Чарнякевіч. У мастацкае журы ўваходзілі Кацярына Дубовік, Павал Татарнікаў і Ігар Юхневіч.
Прэмія імя Цёткі
Прэмія Цёткі ўручаецца з 2016 году. За гэты час ляўрэатамі прэміі былі Надзея Ясьмінска і мастачка Кацярына Дубовік з кнігай «Сем ружаў», Уладзімер Арлоў і Павал Татарнікаў з кнігай «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі», Валеры Гапееў з кнігай «Мая мілая ведзьма» і Лізавета Лянкевіч з ілюстрацыямі да кнігі Рыгора Барадуліна «Азбука. Вясёлы вулей», Вера Бурлак з кнігай вершаў «Фантазюркі» і Кацярына Дубовік з ілюстрацыямі да кнігі Надзеі Ясьмінскай «Чаму Меша ня мае хаты».
У 2020 годзе пераможцамі сталі Зараслава Камінская з кнігай «Калядны стол» і Вераніка Шпак, якая аформіла кнігу Генадзя Аўласенкі «Як зубраня „Зубраня“ наведала».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2021-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: кастрычнік