«Падрыўная дзейнасьць на карысьць агрэсара». Украінскаму экспэрту, якога ў сваім эфіры паказвала БТ, пагражае да 15 гадоў турмы

Плякат падчас акцыі пратэсту каля БТ 17 жніўня. Ілюстрацыйнае фота.

Кіеўская абласная пракуратура завяршыла расьсьледаваньне і накіравала на разгляд у суд справу кіяўляніна Юрыя Дудкіна, які пазыцыянаваў сябе палітычна-вайсковым экспэртам і быў частым удзельнікам расейскіх палітычных праграм.

Юры Дудкін абвінавачваецца ў дзяржаўнай здрадзе (караецца пазбаўленьнем волі ад 12 да 15 гадоў з канфіскацыяй ці без) і распальваньні нацыянальнай варожасьці і нянавісьці (штраф або абмежаваньне волі на тэрмін да пяці гадоў).

Як паведамілі ў пракуратуры, Юры Дудкін праз створаную ім інфармацыйную сетку распаўсюджваў заказныя матэрыялы, накіраваныя на дэстабілізацыю сытуацыі ва Ўкраіне і на распальваньне міжнацыянальнай варожасьці.

Паводле сьледзтва, яго курыравалі замежныя арганізацыі, у прыватнасьці, «зь „Першага каналу“ і агенцтва NEWS FRONT», а фінансавала Расейская Фэдэрацыя. За ўдзел у расейскіх палітычных тэлепраграмах Юры Дудкін атрымліваў грошы ад заказчыкаў.

«Вынікі праведзеных экспэртыз паказалі наяўнасьць у дзеяньнях псэўдаэкспэрта прыкмет падрыўной дзейнасьці на шкоду дзяржаўнай бясьпецы на заданьне асобных арганізацый краіны-агрэсаркі», — адзначаецца ў паведамленьні пракуратуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра ўкраінскіх экспэртаў, якія выступаюць на БТ у падтрымку Лукашэнкі


Беларускае тэлебачаньне выкарыстоўвала фрагмэнты выказваньняў Юрыя Дудкіна ў расейскіх тэлепраграмах, каб прадэманстраваць пагаршэньне жыцьця ва Ўкраіне. У прыватнасьці, Юры Дудкін расказваў аб плянах Варшавы «аджаць» частку тэрыторыі Ўкраіны, аб тым, што ЗША — абсалютнае зло для краіны, бо яны падтрымліваюць кіраваны канфлікт на Данбасе.

Сёлета ў лютым, калі Юрыя Дудкіна затрымала Служба бясьпекі Ўкраіны, на беларускім тэлебачаньні гэтай падзеі была прысьвечаная праграма, якая называлася «Постмайданны сындром ці зьвядзеньне палітычных рахункаў?». У ёй прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага назвалі аўтарытарным прэзыдэнтам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне заблякавалі тры прарасейскія тэлеканалы, зьвязаныя з атачэньнем кума Пуціна Медзьведчука