Шматразовы карабель «Нью Шэпард» кампаніі Джэфа Бэзаса «Blue Origin» зьдзейсьніў у сераду другі пілятаваны субарбітальны палёт. Ён працягваўся крыху больш за 10 хвілін.
Падчас палёту карабель перасек так званую лінію Кармана — 100 км ад паверхні Зямлі. Міжнародная авіяцыйная фэдэрацыя лічыць гэтую лінію мяжой космасу.
Сярод чатырох пасажыраў карабля быў Уільям Шэтнэр, які выканаў у 60-я гады ролю капітана Кірха ў культавым сэрыяле пра касьмічныя палёты «Star Trek». У 90 гадоў Шэтнэр стаў найстарэйшым чалавекам, які пабываў у космасе — хай і ўсяго некалькі хвілін.
Запускалі ракету з касмадрому ў штаце Тэхас.
Першы палёт карабля адбыўся 20 ліпеня, на борце тады быў сам мільярдэр Джэф Бэзас — заснавальнік кампаніі Amazon, а таксама яго брат Марк, 18-гадовы студэнт-фізык зь Нідэрляндаў і 82-гадовая амэрыканская лётчыца, якая ўваходзіла ў атрад астранаўтаў, але ў космас раней ня лётала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся першы палёт у космас без прафэсійных астранаўтаў