Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве ўдзельнікаў саміту Ўкраіна — ЭЗ, які адбыўся ў Кіеве 12 кастрычніка.
Лідэры дзяржаваў ЭЗ і Ўкраіны таксама заклікалі Маскву прыкласьці ўсе намаганьні, каб прыцягнуць вінаватых у крушэньні лайнэра да адказнасьці.
Акрамя таго, удзельнікі саміта асудзілі дзеяньні Расеі на ўсходзе Ўкраіны і падкрэсьлілі важнасьць выкананьня Менскіх пагадненьняў.
Збройны канфлікт у Данбасе працягваецца ўжо больш за 7 гадоў. Частку тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей кантралююць сэпаратысты. Украіна і краіны Захаду абвінавачваюць Расею ў іх прамой ваеннай падтрымцы. Масква гэта катэгарычна адмаўляе.
Зь лета мінулага году ў зоне канфлікту фармальна дзейнічае рэжым спыненьня агню, аднак абстрэлы працягваюцца. За год дзеяньня рэжыму спыненьня агню, па дадзеных украінскага боку, загінулі 45 вайскоўцаў. Ёсьць ахвяры сярод мірнага насельніцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расьсьледаваньне The Insider і Bellingcat: ГРУ каардынавала праект з фэйкамі пра крушэньне MH17- «Боінг» авіякампаніі «Малайзійскія авіялініі», які выконваў рэйс MH-17 з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, пацярпеў крушэньне ў Данецкай вобласьці 17 ліпеня 2014 году. Загінулі ўсе 298 чалавек, што былі на борце.
- Па дадзеных Міжнароднай сьледчай групы, якая вывучала акалічнасьці гібелі рэйса MH17, самалёт быў зьбіты ракетай, запушчанай з тэрыторыі, падкантрольнай прарасейскім сэпаратыстам. У траўні 2018 году група прадставіла дадзеныя аб тым, што ракета была запушчана з устаноўкі «Бук», якая належыць расейскай 53-й зэнітнай ракетнай брыгадзе, дысьлякаванай у Курску. Масква катэгарычна адмаўляе сваю датычнасьць да крушэньня.
- Увесну 2019 году міжнародная сьледчая група афіцыйна назвала чатырох абвінавачаных у датычнасьці да гібелі рэйса. Трое зь іх — грамадзяне Расеі. Гэта палкоўнік запасу ФСБ Ігар Гіркін (Стралкоў), старшы афіцэр ГРУ ў адстаўцы Сяргей Дубінскі і падпалкоўнік запасу дэсантных войскаў Алег Пулатаў. Чацьвёрты абвінавачаны — грамадзянін Украіны, камандзір падразьдзяленьня выведкі самаабвешчанай «ДНР» Леанід Харчанка. Ніводзін з абвінавачаных у суд не зьявіўся. Алег Пулатаў — адзіны, каго на працэсе ў Нідэрляндах прадстаўляюць адвакаты.
- Судовы працэс па справе аб катастрофе пачаўся 9 сакавіка 2020 году. Расея адмовілася экстрадаваць абвінавачаных.