Сацыялягічныя апытаньні паказалі зьніжэньне рэйтынгаў Байдэна

Джо Байдэн

Праз амаль дзевяць месяцаў пасьля яго ўступленьня на пасаду амэрыканцы выказваюць незадаволенасьць прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам.

Падчас сэрыі агульнанацыянальных апытаньняў, праведзеных на мінулым тыдні, у сярэднім 49,2 працэнта выбарнікаў заявілі пра тое, што яны не ўхваляюць працу Байдэна на пасадзе прэзыдэнта, у той час як 44,5 адсотка задаволеныя ім, піша Голас Амэрыкі.

Такія дадзеныя прыводзіць сацыялягічны сайт FiveThirtyEight.

У пяці нядаўніх апытаньнях, вынікі якіх прыведзеныя на сайце RealClearPolitics, колькасьць незадаволеных працай прэзыдэнта ЗША перавышае колькасьць задаволеных. Процілеглую карціну далі тры апытаньні.

На думку аналітыкаў, зьніжэньне рэйтынгу Байдэна асабліва прыкметнае сярод незалежных выбарнікаў, якія дапамаглі яму перамагчы прэзыдэнта Дональда Трампа ў барацьбе за Белы дом летась.

У ліпені, праз шэсьць месяцаў пасьля пачатку яго прэзыдэнцтва, колькасьць задаволеных яго працай перавышала колькасьць незадаволеных на 9 працэнтных пунктаў, але ўжо да канца жніўня думкі амэрыканскіх выбарнікаў пра яго падзяліліся пароўну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральнае консульства Беларусі ў Нью-Ёрку зачыняць

З тых часоў яго рэйтынг зьнізіўся яшчэ больш, і палітолягі прапануюць некалькі тлумачэньняў.

Гэты пэрыяд супаў з хаатычным вывадам амэрыканскіх войскаў з Афганістана пасьля 20-гадовай вайны, адзначаюць яны.

Аналітыкі таксама кажуць пра палітычныя рознагалосьсі паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі ў Вашынгтоне з нагоды павелічэньня столі дзярждоўгу. У той жа час прагрэсіўныя і ўмераныя заканадаўцы-дэмакраты спрачаюцца аб маштабах і размаху пляну самага вялікага пашырэньня сыстэмы сацыяльнай абароны краіны больш чым за паўстагодзьдзя, прапанаванага Байдэнам.

Колькасьць новых выпадкаў каранавірусу ў краіне таксама расла ў апошнія месяцы, хоць нядаўна пайшла на спад. Пры гэтым каля 70 мільёнаў амэрыканцаў застаюцца невакцынаванымі. Байдэн запатрабаваў, каб работнікі кампаній са штатам у 100 і больш чалавек вакцынаваліся ці праходзілі рэгулярнае тэставаньне, але гэтыя патрабаваньні выклікалі спрэчкі ў некаторых рэгіёнах краіны і ў асобных кампаніях і пакуль не набылі моц.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы прэм'ер Японіі заявіў аб сувэрэнітэце Токіё над паўднёвымі Курыламі

Сайт FiveThirtyEight адзначыў, што толькі два прэзыдэнты з 1945 году, уключаючы Трампа, у аналягічны момант іх прэзыдэнцтва мелі рэйтынг ніжэйшы, чым у Байдэна.

У адказ на просьбу пракамэнтаваць зьніжэньне рэйтынгаў Байдэна прэс-сакратар Белага дома Джэн Псакі нядаўна сказала журналістам: «Наша краіна сапраўды перажывае складаны час. Мы працягваем барацьбу з ковідам, і шмат хто лічыў, што мы зь ім ужо пакончым, уключаючы нас».

Па словах Псакі, гэта, «несумненна, уплывае на многія пытаньні», уключаючы ланцужкі паставак спажывецкіх тавараў замежных вытворцаў, якія затрымліваюцца ў амэрыканскіх партах зь недастатковай колькасьцю пэрсаналу. Яна таксама сказала, што людзі турбуюцца пра бясьпеку сваіх працоўных месцаў.