Па словах японскага прэмʼера, урад плянуе весьці перамовы з Масквой аб заключэньні мірнай дамовы і вызначэньні прыналежнасьці паўднёвых Курылаў, якія ў Японіі называюць паўночнымі тэрыторыямі. «На паўночныя тэрыторыі распаўсюджваецца сувэрэнітэт нашай краіны. Мы мусім вырашыць гэтае пытаньне, не пакідаючы яго наступным пакаленьням», — сказаў Кісіда.
8 кастрычніка, выступаючы ў парлямэнце, Кісіда заявіў, што мірны дагавор з Расеяй ня будзе заключаны без урэгуляваньня тэрытарыяльнай праблемы. Фумія Кісіда быў выбраны на пасаду прэмʼер-міністра 4 кастрычніка, раней ён займаў пасаду міністра замежных спраў Японіі.
Курыльскія астравы ўваходзяць у склад Сахалінскай вобласьці Расеі. Японія мяркуе, што паўднёвыя астравы Курыльскай грады — Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан і Хабамаі — павінны належаць ёй паводле трактату аб гандлі і межах 1855 году.
СССР далучыў Паўднёва-Курыльскія астравы па выніках Другой сусьветнай вайны. У 1956 году Савецкі Саюз падпісаў зь Японіяй мірную дэклярацыю, паабяцаўшы вярнуць астравы Шыкатан і Хабамаі пасьля заключэньня мірнай дамовы. У наступныя гады ўлады Японіі настойвалі на вяртаньні ўсіх астравоў, таму дагавор так і не падпісалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У справе «Белгазпрамбанку» выпусьцілі 11 чалавек, Віктар і Эдуард Бабарыкі застаюцца ў зьняволеньні