Пасяджэньне праходзіць у закрытым рэжыме, паведамляе «Наша Ніва».
З апісаньня судовай скаргі вынікае храналёгія перасьледу бізнэсмэна: спачатку яго ўтрымлівалі пад вартай у СІЗА, прычым тэрмін ягонага знаходжаньня там працягваўся, пасьля перавялі пад хатні арышт, затым сьледзтва вырашыла накіраваць яго на судова-псыхіятрычную экспэртызу. Яе праводзяць у РНПЦ псыхічнага здароўя ў Навінках. Але гэтае накіраваньне Чыж абскардзіў у судзе.
Цяпер Юры Чыж пад хатнім арыштам. Ягоны брат Аляксандар адмовіўся камэнтаваць стан здароўя бізнэсоўца.
Тым часам працягваецца арышт маёмасьці Чыжа, судовыя разборы і крымінальны перасьлед па справах пасьпяховага раней бізнэсу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незайздросны лёс прыдворных алігархаў. Чаму Чыжа зрабілі банкрутамЮры Чыж лічыўся адным з найбуйнейшых прадпрымальнікаў Беларусі, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі. Яму належыць доля ў кампаніі «Трайпл», якая займалася будаўніцтвам жылых і камэрцыйных аб’ектаў. Кампанія таксама мае пяць філіялаў: рэстаран «Залаты грабеньчык», Лядовая арэна ў Бярозе, гарналыжная база «Лагойск», сельгаспрадпрыемства «Трайпл-Агра» і спа-цэнтар у Менску. Юрыю Чыжу належаць 66,5% кампаніі «Трайпл».
Апошняе затрыманьне перагукаецца з крымінальнай справай, якую на Чыжа завялі ў 2016-м. Тады ён паўгода правёў за кратамі праз падазрэньне ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры, але выйшаў на волю, пасьля таго як прызнаў віну і сплаціў шкоду. Па стане на 2021 год Чыж нібыта заставаўся вінен і дзяржаве, і бізнэс-партнэрам, якія спаганялі зь яго даўгі праз суд. Аднак былы алігарх, набліжаны калісьці да Лукашэнкі, па абавязаньнях нібыта не плаціў, хоць асобныя яго прадпрыемствы працавалі «ў плюс».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка запатрабаваў, каб былы «прыдворны алігарх» Чыж кампэнсаваў ільготы за шмат гадоў