Праваабаронца Павал Левінаў зьвярнуўся ў МУС Беларусі з заявай аб абвяшчэньні ў вышук асуджанага да вышэйшай меры пакараньня Віктара Паўлава. Па даверанасьці блізкай сваячкі Паўлава, праваабаронца абараняе інтарэсы асуджанага да расстрэлу ў Камітэце ААН па правах чалавека, піша «Вясна».
Павал Левінаў мяркуе, што прысуджаны да расстрэлу мог зьнікнуць бязь вестак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Таемны расстрэл, што практыкуецца аўтарытарным рэжымам», — Эўразьвяз пра магчымае выкананьне сьмяротнай кары ў БеларусіПраваабаронцу занепакоіла тая акалічнасьць, што дзяжурны па СІЗА № 1 паведаміў яму, што Віктар Паўлаў «за дадзенай установай ня лічыцца». Пры гэтым у дзяржаўных СМІ не было ніякіх паведамленьняў пра тое, што ў дачыненьні да яго падабароннага прысуд прывялі ў выкананьне.
«Пры такіх абставінах ёсьць усе падставы меркаваць, што Віктар Паўлаў зьнік бязь вестак. Таму я зьвярнуўся ў МУС з просьбай пачаць ягоны вышук і па ягоных выніках праінфармаваць мяне пра прычыну зьнікненьня і месца знаходжаньня майго падапечнага», — напісаў Левінаў.
30 ліпеня 2019 году Віцебскі абласны суд прызнаў Паўлава вінаватым у забойстве дзьвюх пэнсіянэрак. Раней Паўлаў ужо сядзеў у турме за забойства чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстытуцыйны суд: Пытаньне аб адмене сьмяротнага пакараньня прызнанае немэтазгоднымСьмяротнае пакараньне ў Беларусі
- Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
- Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
- Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
- Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
- Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
- Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
- Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).