Палітзьняволенага блогера Эдуарда Пальчыса абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу, стала вядома праваабаронцам «Вясны».
Пальчысу выставілі канчатковае абвінавачаньне, меркавана, гэта:
- ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў);
- ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак);
- арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
- арт. 361 КК (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь).
Гэта значыць, што крымінальная справа супраць палітвязьня неўзабаве апынецца ў судзе.
Эдуарда затрымалі ў канцы верасьня 2020 — яму прысудзілі 30 сутак арышту па арт. 23.34 КаАП. Але з «сутак» ён так і ня выйшаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эдуард Пальчыс з-за кратаў: «Я нават радуюся, што ўсё зацягнулася»Хто такі Эдуард Пальчыс?
Эдуард Пальчыс — грамадзкі актывіст, які паходзіць зь Ліды, палітычны блогер, аўтар тэлеграм-каналу Palchys, які ўлады прызналі «экстрэмісцкім». У час знаходжаньня за кратамі ў Эдуарда нарадзілася дачка, ягоная жонка з нованароджаным дзіцём вымушана зьехала за мяжу.
У 2015 годзе Пальчыс ужо праходзіў па крымінальнай справе. Пад псэўданімам Джон Сільвер ён публікаваў на сваім сайце 1863х гістарычныя матэрыялы і артыкулы з крытыкай беларускіх і расейскіх уладаў. У выніку яго арыштавалі ў Расеі і ў траўні 2016-га экстрадавалі ў Беларусь, дзе яму закідалі распальваньне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці, а таксама распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў.
У канцы кастрычніка таго ж году Менскі гарадзкі суд прызнаў блогера вінаватым і прысудзіў яму 1 год і 9 месяцаў без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу. З улікам часу, адбытага ў СІЗА, яму заставалася правесьці пад падпіскай месяц. У 2020 годзе блогер, які не пакінуў сваёй дзейнасьці, зноў апынуўся за кратамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Статкевіч ужо адседзеў столькі ж, колькі Салжаніцын. Параўноўваем тэрміны беларускіх палітвязьняў і сусьветна вядомых дысыдэнтаў