ЭЗ занепакоіўся рашэньнем Польшчы аб вяршэнстве нацыянальнага права

Людзі дэманструюць перад будынкам Канстытуцыйнага трыбуналу падчас пасяджэньня, якое вызначала, ці адпавядаюць Канстытуцыі Польшчы некаторыя дамовы з ЭЗ. Варшава, 7 кастрычніка 2021 г.

Пастанова польскага суду, якая аспрэчвае вяршэнства права ЭЗ, павышае верагоднасьць выхаду Варшавы з Эўразьвязу.

Пра гэта заяўляюць як кіраўнікі ЭЗ, так і палітыкі краін-чальцоў ЭЗ.

Кіраўніца Эўракамісіі Урсуля фон дэр Ляен заявіла, што Брусэль зробіць усё, што ў яго сілах, для забесьпячэньня ў краінах ЭЗ перавагі эўрапейскага заканадаўства над нацыянальнымі прававымі сыстэмамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы інцыдэнт на беларуска-польскай мяжы: стралялі халастымі патронамі

У сваю чаргу, кіраўнік эўрапейскага зьнешнепалітычнага ведамства Жузэп Бурэль падкрэсьліў, што вяршэнства права ЭЗ — асноватворны прынцып Эўразьвязу.

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што краіна не плянуе выходзіць з ЭЗ, нягледзячы на рэакцыю Брусэлю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі прэм’ер: «Эўразьвяз цалкам падтрымлівае Польшчу, Латвію і Літву ў гібрыднай вайне, разьвязанай Лукашэнкам»

У чацьвер, 7 кастрычніка, Канстытуцыйны трыбунал Польшчы вырашыў, што норма аб прыярытэце эўрапейскага права над палажэньнямі польскай Канстытуцыі не адпавядае нормам краіны.

У сакавіку з запытам аб праверцы перавагі эўрапейскага права над мясцовым у Канстытуцыйны трыбунал зьвярнуўся прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі. Гэта адбылося неўзабаве пасьля таго, як Эўрапейскі суд знайшоў парушэньні Варшавай заканадаўства ЭЗ пры правядзеньні судовай рэформы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча будзе патруляваць мяжу зь Беларусьсю з дапамогай верталётаў
  • Паводле правілаў, якія пачалі дзейнічаць з канца 2017 году, польскі Вярхоўны суд быў перападпарадкаваны Міністэрству справядлівасьці, а кіраўнік міністэрства атрымаў права прызначаць старшыняў апэляцыйных і акруговых судоў самастойна, без кансультацый з прадстаўнікамі правасудзьдзя.
  • Рэформа прывяла да звальненьня каля 40 адсоткаў дзейных судзьдзяў Вярхоўнага суду, уключаючы старшыню. У Эўракамісіі лічаць, што такія дзеяньні парушаюць балянс паўнамоцтваў і пагражаюць вяршэнству права.