Карыстальнікі паведамляюць пра збоі ў працы «Вікіпэдыі», у тым ліку ў Беларусі

Паводле сэрвісу Downdetector, які адсочвае працу інтэрнэт-рэсурсаў, сёньня ў працы сайта Wikipedia.org здарыўся збой. «Вікіпэдыя» перастала адкрывацца адразу ў некалькіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі.

Больш за ўсё аб праблемах паведамлялі з ЗША і Канады, аднак яны былі і ў Беларусі, і ў Расеі. Часьцей за ўсё карыстальнікі скардзіліся на працу сайта, радзей — аплікацыі.

Сьледам за «Вікіпэдыяй» аб праблемах заявілі з розных краін карыстальнікі Apple Music, Discord і PlayStation Network.

Праблемы з працай сацсетак і іншых сэрвісаў у інтэрнэце назіраюцца па ўсім сьвеце ўжо некалькі дзён. Усё пачалося 4 кастрычніка, калі здарыўся збой у Facebook, Instagram і WhatsApp, яны не працавалі некалькі гадзін. Аб праблемах таксама паведамлялі Tinder, YouTube, Zoom і іншыя. На наступны дзень сытуацыя паўтарылася, але не ў такім маштабе. На гэтым тле карыстальнікі сталі масава пераходзіць у Telegram.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адбыўся глябальны збой у сацсетках Facebook, Instagram і мэсэнджары Whatsapp