Аўдыёспэктакаль па матывах твору Ўладзімера Арлова «Ордэн Белай Мышы» створаны «Купалаўцамі» ў супрацы з падкаст-праектам «ІІІ акт». Гэта некамэрцыйная ініцыятыва, якая займаецца аўдыёпастаноўкамі паводле клясычнай і сучаснай драматургіі ў фармаце падкастаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Свабодныя «Купалаўцы» ўпершыню за год выступілі на сцэне перад гледачамі«Ордэн Белай Мышы» створаны ў стылі антыўтопіі — разважаньне аўтара пра адносіны ў грамадзтве, дзе няма здаровай канкурэнцыі, а ўсё існуе толькі ў адным экзэмпляры.
«Мы дазволілі сабе абазначыць жанр як „казка для дарослых“. Кароль краіны па-свойску называе ўсіх на „ты“ і штораніцы бегае вакол свайго палаца ў бронекамізэльцы. Два лёсы — пісьменьнік без чытачоў і кароль без падданых, такія розныя погляды, статусы, жыцьці — сустракаюцца ў філязофска-інтэлектуальнай размове, якая ані па законах жанру, ані па законах жыцьця ня мае шанцаў скончыцца чымсьці звычайным», — гаворыцца ў анатацыі.
Ролі агучвалі майстры сцэны Віктар Манаеў, Аляксандар Падабед, Георгі Маляўскі, Ігар Дзянісаў.
7 кастрычніка а 19-й гадзіне «Купалаўцы» будуць чакаць на сваім YouTube-канале, а таксама на старонках праекту«ІІІ акт».
Хто такія «Купалаўцы»
У жніўні 2020 году акторы і супрацоўнікі Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы купалаўцы публічна асудзілі самавольства і гвалт сілавікоў у дачыненьні да мірных дэманстрантаў, пасьля чаго быў звольнены дырэктар тэатру Павал Латушка. На знак салідарнасьці зь ім Купалаўскі тэатар пакінулі практычна ўсе акторы, рэжысэры, рэдактары, адміністратары, музыкі аркестру, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі, мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін — звыш 60 чалавек. Ня маючы сцэны, яны заснавалі незалежную трупу «Купалаўцы» і стварылі 6 арыгінальных спэктакляў.
З таго часу купалаўцы выступалі онлайн і здымаліся ў відэапастаноўках.
29 верасьня 2021 году акторы Купалаўскага тэатру, якія звольніліся ў знак пратэсту супраць гвалту сілавікоў і фальсыфікацыі выбараў, упершыню за год выступілі на сцэне перад гледачамі. Гэта адбылося ў польскім Беластоку на фэстывалі «Кірунак — Усход». Яны паказалі спэктакль «Я».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Моц у тым, што ў цябе няма зброі». Як беларускія артысты і мастакі працягваюць сваю справу ў Польшчы