Байдэн намінаваў на ўрадавую пасаду выпускніцу Маскоўскага ўнівэрсытэту. У Сэнаце хочуць пачытаць яе дыплём

Галоўны будынак МДУ

Сэнатар запатрабаваў дыплёмную працу Саўле Амаравай з Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Саўле Амарава, намінаваная прэзыдэнтам Байдэнам на пасаду кіраўніка Упраўленьня фінансавага кантролю ЗША, павінна паказаць сэнатарам сваю дыплёмную працу, напісаную ў бытнасьць яе студэнткай Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. На гэтым настойвае член сэнацкага камітэту ў справах банкаў сэнатар-рэспубліканец Пэт Тумі.

Як паведамляе газэта Washington Examiner, сэнатар Тумі накіраваў Саўле Амаравай ліст з просьбай прадставіць гэтую працу да пачатку слуханьняў аб яе кандыдатуры ў Сэнаце. Праца, напісаная ў 1989 годзе, называлася «Эканамічны аналіз Карла Маркса і тэорыя рэвалюцыі ў „Капітале“». Амарава была ленінскай стыпэндыяткай. Яна імігравала з Савецкага Саюзу ў Злучаныя Штаты ў 1991 годзе, абараніла доктарскія дысэртацыі ва ўнівэрсытэце Вісконсіна і Паўночна-Заходнім унівэрсытэце і цяпер выкладае права ў Карнэльскім унівэрсытэце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША падтрымалі новыя санкцыі ў дачыненьні да дзярждоўгу Расеі. Якія будуць наступствы

Кандыдатура Саўле Амаравай выклікала асаблівую ўвагу, паколькі яна вядомая сваімі нетрадыцыйнымі поглядамі на ролю банкаўскай сыстэмы ў Злучаных Штатах. Яна прапануе заснаваць дзяржаўнае ўпраўленьне інвэстыцый, якое будзе ствараць «доўгатэрміновую нацыянальную стратэгію эканамічнага разьвіцьця і рэканструкцыі», і перадаць Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэме амаль поўны кантроль над амэрыканскай фінансавай сыстэмай аж да права кантраляваць цэны сыстэмна важных фінансавых актываў і ўзровень заработнай платы ў краіне з мэтай «дэмакратызацыі фінансаў».

Крытыкі Саўле Амаравай таксама зьвяртаюць увагу на некаторыя зь яе запісаў у твітэры, дзе яна станоўча ацэньвае савецкі досьвед. Напрыклад, піша пра тое, што ў Савецкім Саюзе не было розьніцы ў заробках жанчын і мужчын.

Пэт Тумі характарызуе гэтыя ідэі як «вельмі лявацкія». Сэнатары зь лібэральнага крыла Дэмакратычнай партыі віталі кандыдатуру Саўле Амаравай. «Яна будзе бясстрашным абаронцам спажыўцоў», — заявіла сэнатар-дэмакрат Элізабэт Уорэн.

Для зацьвярджэньня кандыдатуры на пасаду міністраў і кіраўнікоў асноўных дзяржаўных ведамстваў патрабуецца простая большасьць галасоў сэнатараў.