Праваабаронцы: у шклоўскай калёніі палітвязьняў караюць карцарам за адказы на лісты салідарнасьці

Шклоўская калёнія № 17, ілюстрацыйнае фота

Як расказаў сваякам адзін са зьняволеных папраўчай калёніі № 17 у Шклове, калі палітвязьні адказваюць на лісты падтрымкі чужых людзей, іх адпраўляюць у штрафны ізалятар або карцар.

«Прыходзяць лісты, мы вельмі рады падтрымцы. Але калі адпісвацца на лісты чужых людзей, то адразу трапляеш у штрафны ізалятар», — перадаюць на волю словы палітзьняволенага ягоныя сваякі. Яго цытуе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турма зрабіла Лосіку «інфармацыйную блякаду», Ціханоўскі намаляваў аўтапартрэт. Што новага ў палітвязьняў

Праваабаронцы заклікаюць неабыякавых людзей працягваць падтрымліваць лістамі асуджаных паводле палітычных артыкулаў, нават калі тыя ня могуць адказаць.

На гэты момант у папраўчай калёніі № 17 знаходзіцца 39 палітвязьняў. Сярод іх — палітык Павал Севярынец, музыка Аляксей Санчук, актор Сяргей Волкаў, прадпрымальнік Аляксандар Троцкі, валянтэр Ігар Ярмолаў ды многія іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Медуза» адправіла звыш 600 лістоў беларускім палітвязьням

Поўны сьпіс палітычных вязьняў шклоўскай калёніі можна знайсьці ў табліцы Праваабарончага цэнтру «Вясна».