Прадстаўнікі абароны журналіста «Комсомольской правды в Беларуси» Генадзя Мажэйкі абскардзілі яго арышт, паведамляе ТАСС.
Журналіста па-ранейшаму не выпускаюць на волю, 5 кастрычніка яго перавялі зь менскага ізалятару ў СІЗА Жодзіна. Аб выстаўленьні яму абвінавачаньняў пакуль нічога не вядома.
Напярэдадні галоўная маскоўская рэдакцыя «Комсомольской правды» заявіла пра закрыцьцё беларускага аддзяленьня газэты.
«Прааналізаваўшы падзеі апошняга году і асабліва апошняга тыдня, „Комсомольская правда“ прыняла рашэньне закрыць сваё прадстаўніцтва ў Менску. Усім супрацоўнікам выплацяць грашовыя кампэнсацыі або прапануюць працу на іншых прадпрыемствах КП», — паведаміла выданьне.
Год таму газэту прыбралі з кіёскаў, пасьля страляніны на вуліцы Якубоўскага ў Менску заблякавалі сайт выданьня, а тыдзень таму затрымалі журналіста Генадзя Мажэйку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ствараюць культ «сілавікоў». Што стаіць за справай Генадзя МажэйкіГенадзь Мажэйка. Таямнічае затрыманьне журналіста
- У канцы верасьня на сайце «Комсомольской правды в Беларуси» зьявілася нататка, дзе адна з аднаклясьніц забітага супрацоўнікамі КДБ праграміста Андрэя Зельцара добра выказалася пра яго. Аўтарам нататкі быў журналіст Генадзь Мажэйка.
- Мажэйку затрымалі ў ноч на 2 кастрычніка, пасьля чаго зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна ў Менску, у яго дома правялі ператрус.
- Пры гэтым дакладна невядома, у якой краіне затрымалі Мажэйку. Беларускія сілавікі сьцьвярджаюць, што зрабілі гэта ў Менску, але ёсьць таксама інфармацыя пра тое, што журналіста «КП» выкралі з Масквы.
- Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Ўладзімір Сунгоркін сказаў, што Генадзя Мажэйку будуць абараняць два адвакаты.
- 4 кастрычніка прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль апавясьціў Лукашэнку аб тым, што выступае супраць блякаваньня СМІ на беларускай тэрыторыі, але беларускі бок ня чуе пазыцыі Масквы.
- 5 кастрычніка прадстаўнік «Комсомольской правды» Валянцін Алфімаў паведаміў, што Генадзь Мажэйка застаўся ў ізалятары пасьля 72 гадзін утрыманьня за кратамі, што азначае тое, што да яго ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Пры гэтым абвінавачаньняў яму ня выставілі.
- 11 кастрычніка Мажэйку выставілі абвінавачаньні ў распальваньні сацыяльнай варажнечы (арт. 130 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369). Да яго ў жодзінскае СІЗА не пускаюць адваката, спасылаючыся на карантын, а таксама не прымаюць перадачы.