Былы сьледчы Яўген Юшкевіч, які за кратамі з красавіка, перадаў зь СІЗА адказы на пытаньні «Нашай нівы».
Юшкевіч, калі быў сьледчым, расьсьледаваў гандаль наркотыкамі ў інтэрнэце і справу пэдафіла Давыдовіча, у якой праходзілі сотні пацярпелых. У 2020-м ён дапамагаў зьмяніць працу сілавікам, якія больш не хацелі выконваць незаконныя загады.
Юшкевіч ня зьехаў зь Беларусі пасьля першага затрыманьня ў лістападзе, другі раз яго затрымалі ў красавіку паводле артыкулу «Акт тэрарызму».
— Любімае месца ў Беларусі? Чаму?
— Асіповіцкія лясы. Бо яны сапраўдныя, некранутыя.
— Месца на зямлі, якое найбольш уразіла?
— Скандынавія. Можна жыць проста, спакойна і багата.
— Якая якасьць найбольш дапамагае за кратамі? Якая чалавечая якасьць найбольш замінае за кратамі?
— Больш за ўсё дапамагае жаданьне вучыцца, чытаць, пазнаваць. А замінае канфліктнасьць і раздражняльнасьць. Сутыкаўся тут зь людзьмі ня вельмі разумнымі, ад гэтага ўзьнікалі канфлікты
— Хто ваш герой з сучаснасьці ці мінуўшчыны і чаму?
— Усе тыя, хто ахвяруюць сабой для права і законнасьці. Сябе да іх не прылічваю.
— Калі б вярнуўся ў 2020-ы, то ці нешта зрабіў бы інакш? Ці стаў бы выяжджаць?
— Нічога б не зьмяніў — шалёны і цікавы год. Не, ня зьехаў бы.
— Што зробіш першай справай, апынуўшыся на волі?
— Першай справай абдыму ўсіх… але калі тое будзе.
— Якія ўмовы ў цябе ў камэры? Якія праблемы? Што за людзі побач? Як адносіны з сукамэрнікамі і ахоўнікамі?
— Якія ўмовы — рабі высновы сам, я былы супрацоўнік… А людзі розныя.
— Як праходзіць дзень у камэры? Чым звычайна займаесься? Што прачытаў, а што плянуеш?
— Чытаю кнігі па праграмаваньні, крыміналёгіі і тэорыі канфліктаў, чытаю Гандзі. Імкнуся фізычна займацца, радуюся шпацырам.
— Якія вынікі выкладаньня матэматыкі і інфарматыкі сукамэрнікам?
— Вельмі здорава, больш мне падабалася, але і ўсім, каму выкладаў, таксама. Бяда, што ім усім сьвеціць па 10 гадоў.
— Чаго найбольш не хапае ў СІЗА?
— Больш за ўсё не хапае сьвятла — сядзім, як у нары. Пры гэтым сьвятла ва ўсіх сэнсах.
— Што б ты сказаў беларусам, якія губляюць ці згубілі надзею на лепшае?
— Усё, што рабілі, лічу адзіным правільным, і цяпер тое, што робім, — правільна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пазбавіў званьняў больш як 80 былых сілавікоў. Бо «нагняталі»Былога сьледчага і заснавальніка праекту дапамогі звольненым супрацоўнікам міліцыі і спэцслужбаў Яўгена Юшкевіча затрымалі 19 красавіка.
Ён праходзіць у справе аб тэрарызьме. Па словах адваката, Юшкевіч знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КДБ.
Яўген Юшкевіч з Магілёва, закончыў юрфак БДУ, два гады працаваў пазаштатным супрацоўнікам у сьледзтве менскай пракуратуры, потым яшчэ пяць — сьледчым і старшым сьледчым аддзелу расьсьледаваньня эканамічных злачынстваў упраўленьня СК па Менску.
Юшкевіч у свой час расьсьледаваў справы Давідовіча, якога асудзілі за пэдафілію і незаконную камэрцыйную дзейнасьць у асабліва буйным памеры, а таксама наркагандляроў.
У 2017 годзе ён пакінуў пасаду.
Апошні год Юшкевіч працаваў Android-распрацоўшчыкам. Улетку былы сьледчы запусьціў праект ByChange для перападрыхтоўкі адстаўных і звольненых з палітычных матывах супрацоўнікаў сілавых ведамстваў. Ён актыўна кансультаваў сілавікоў, якія хацелі звольніцца, бо не жадалі выконваць загады, якія не адпавядаюць асабістым перакананьням. Таксама Юшкевіч публікаваў інсайды з МУС і Сьледчага камітэту.
Юшкевіча затрымлівалі ў лістападзе паводле артыкулу аб парушэньні грамадзкага парадку. Тады стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу і адпусьцілі пад падпіску пра нявыезд.
Паводле «Мэдыязоны», 17 сакавіка, калі Юшкевіч быў на допыце Сьледчым камітэце, у яго машыну праніклі невядомыя. Гэта зафіксаваў відэарэгістратар. Юшкевіч пасьля інцыдэнту заявіў, што асьцерагаецца правакацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ведалі: пакуль выходзім, у людзей застаецца вера». Гісторыя адной з удзельніц жаночых прагулак з бчб-парасонамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выйду на волю 25 сакавіка 2025 году. Хіба не сымбалічна?» Навіны палітвязьняў — актывістаў «Эўрапейскай Беларусі»