Заснавальнік кампаніі Facebook Марк Цукербэрг папрасіў прабачэньня за маштабны збой, у выніку якога больш за 3,5 млрд карыстальнікаў сацсетак ва ўсім сьвеце на 6 гадзін былі адрэзаныя ня толькі ад сеткі Facebook, але і ад Instagram, Messenger і Whatsapp. Збой адбыўся каля 19:00 паводле менскага часу, а ліквідаваць непаладкі ўдалося, калі ў Менску была ўжо ноч.
Як паведаміла газэта New York Times, праблема была вырашаная пасьля таго, як у цэнтры апрацоўкі дадзеных у Каліфорніі інжынэры перазапусьцілі сэрвэры, аднак у кампаніі не пацьвярджаюць гэтую інфармацыю.
Замест гэтага Facebook адзначыў, што працуе над тым, каб дабрацца да сутнасьці таго, што адбылося, і зрабіць сваю інфраструктуру больш надзейнай.
Як сьцьвярджаюць у кампаніі, няма ніякіх указаньняў на тое, што дадзеныя карыстальнікаў былі скампрамэтаваныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Facebook патлумачыў збой у працы тэхнічнымі праблемаміПра дакладныя прычыны збою не паведамляецца, аднак некаторыя экспэрты мяркуюць, што гаворка можа ісьці пра непаладкі ў працы DNS-сэрвэраў, якія выкарыстоўвае Facebook. DNS-сэрвэры часам параўноўваюць з адраснай кнігай інтэрнэту, яны накіроўваюць браўзэры і аплікацыі да сэрвэраў, дзе ўтрымліваецца патрэбная ім інфармацыя.
Рэпарцёр New York Times Раян Мак напісаў у Твітэры, што перасталі працаваць ня толькі сэрвісы кампаніі Facebook, але і яе ўнутраныя камунікацыйныя плятформы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адбыўся глябальны збой у сацсетках Facebook, Instagram і мэсэнджары WhatsappУ панядзелак акцыі Facebook страцілі 4,89% свайго кошту ў параўнаньні з папярэднім днём, што зьвязваюць са збоем у працы Facebook, а таксама са скандальнымі прызнаньнямі былой супрацоўніцы кампаніі Фрэнсіс Хаўген пра тое, што імкненьне зарабіць для сеткі было куды больш важным, чым барацьба з дэзынфармацыяй.
Паводле дадзеных агенцтва Bloomberg, заснавальнік кампаніі Facebook Марк Цукербэрг усяго за некалькі гадзін страціў каля 6 млрд даляраў з прычыны падзеньня кошту акцый кампаніі.
Кожны дзень толькі сеткай Фэйсбук карыстаюцца па ўсім сьвеце каля 2 млрд чалавек.