Ужо сёньня: дзень народзінаў Яна Булгака; год таму — у Менску прайшоў Марш пэнсіянэраў

«Від на Вільню», фота Яна Булгака

Падзеі 6 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Сёньня ў Беларусі адзначаюць Дзень архівіста.

Год таму ў гэты дзень

  • У Менску прайшоў «Марш пэнсіянэраў».
  • Літва адклікала свайго амбасадара зь Менску для кансультацый.
  • Сьвятлана Ціханоўская выступіла за пашырэньне санкцыйнага сьпісу.

Гэты дзень у гісторыі

1788 — распачаўся Чатырохгадовы Сойм (іншая назва — Вялікі Сойм). Сойм правёў шэраг радыкальных рэформаў у эканамічнай, палітычнай і сацыяльных сфэрах:

  • увядзеньне рэкрутчыны па тэрытарыяльным прынцыпе;
  • павелічэньне колькасьці войска;
  • частковае ўраўненьне правоў мяшчан са шляхтаю;
  • наданьне правоў габрэям і праваслаўным.

3 траўня 1791 году Чатырохгадовы сойм прыняў першую ў Эўропе Канстытуцыю.

1939 — скончылася польская абарончая вайна. Пад Коцкам перад немцамі капітулявала апошняя рэгулярная частка польскай арміі — самастойная апэратыўная група «Палесьсе» пад камандаваньнем генэрала Ф. Клебэрга.

1948 — у сталіцы Туркмэніі Ашгабаце адбыўся трагічны землятрус, у якім, паводле найноўшых дадзеных, загінулі каля 160 тысяч чалавек.

У гэты дзень нарадзіліся

1876 —Ян Булгак, фотамастак і этнограф.

1887 — Ле Карбюзье, францускі архітэктар і дызайнэр.

Ле Карбюзье. Жылы дом у пасёлку Вэйсэнгоф, Штутгарт, Нямеччына. 1927 год.

1908 — Алесь Мілюць, заходнебеларускі паэт.

1927 — Паўль Бадура-Шкода, аўстрыйскі піяніст.

1948 — Джэры Адамс, ірляндзкі палітык.

У памяці

1677 — Альбэрт Каяловіч, беларускі пісьменьнік, палеміст, гісторык.

1809 — Францішак Бялінскі, генэрал-маёр войска кароннага, пісар вялікі каронны, асьветнік, пэдагог, прыхільнік усеагульнай адукацыі.

1929 — Чэслаў Янкоўскі, польскі паэт, крытык, публіцыст, гісторык-краязнаўца.

1996 — Станіслаў Калясанты Роек, рымска-каталіцкі дзеяч, ксёндз.

2004 — Васіль Мельяновіч, дзеяч паваеннай эміграцыі ў ЗША.

Васіль Мельяновіч

Пры канцы 1980-х у менскім Палацы спорту дэманстравалася выстава амэрыканскай тэхнікі. Больш за экспанаты многіх наведнікаў уражваў амэрыканец, які выдатна гаварыў пабеларуску.

Як я пазьней даведаўся, магчыма, якраз з гэтае прычыны яму, Васілю Мельяновічу, так і не дазволілі тады наведаць родную палескую вёску.

Па-сапраўднаму мы пазнаёміліся ўжо ў Амэрыцы, праехаўшы з Васілём зь дзясятак штатаў — ад Вашынгтону да Кліўлэнду.

Пра чалавека вельмі шмат могуць сказаць драбніцы: у майго спадарожніка на гадзіньніку былі два цыфэрбляты, стрэлкі якіх паказвалі час з разьбежкаю на сем гадзінаў, што існавала паміж Менскам і Нью-Ёркам.

Нумар ягонага аўтамабіля гэтаксама быў адметны: «BELARUS» (амэрыканскія законы такое без праблемаў дазваляюць).

Едучы па спадзістых, як дзе-небудзь пад Наваградкам, пэнсыльванскіх пагорках пад музыку нашых фальклёрных гуртоў, я лавіў сябе на адчуваньні, што знаходжуся ў нейкай ідэальнай Беларусі.

У доме Мельяновіча ілюзія адно мацнела: беларуская бібліятэка, калекцыя ручнікоў, прывезеная з пошты пульхная капэрта айчыннай пэрыёдыкі.

Васіль любіў жыцьцё ва ўсіх ягоных праявах. Ён быў нястомным падарожнікам, цаніў жаночую прыгажосьць, азартна ўдзельнічаў у аўкцыёнах. Але найбольш любіў Беларусь.

Мроіў сваю вёску, моцны й вялікі бацькоўскі дом, дзе цяпер месьціцца школа.

Зьбіраўся вярнуцца на Радзіму: прыцэньваўся да менскіх кватэраў, месяцамі жыў у Беларусі, доўга наймаў двухпакаёўку насупраць колішняй рэстарацыі «Патсдам».

Пасьля выхаду на пэнсію Васіль цалкам аддаўся беларускай справе. Дзеля спрыяньня кантактам ЗША зь Беларусьсю ён заснаваў Беларуска-амэрыканскую інфармацыйную службу.

Асабіста знаёмы з прэзыдэнтамi Рональдам Рэйганам і Джорджам Бушам-старэйшым, узброены шматгадовым досьведам удзелу ў прэзыдэнцкіх ды іншых выбарчых кампаніях, Мельяновiч заўсёды прапаноўваў нашай апазыцыі свае паслугі й глыбока перажываў, калі ягоныя веды заставаліся на Бацькаўшчыне нікім не запатрабаванымі.

Вяртаньне дадому ўсё ж зьдзейсьнілася, няхай сабе й пасьля сыходу.

Ягоная жонка журналістка Тацяна Антонава-Мельяновiч пахавала урну з Васілёвым прахам у палескай Азярніцы, побач з магілаю дзеда.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне. С. 526–527.

2005 — Алесь Емяльянаў, паэт, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980–1990-х.

У Aлеся быў моцны поціск рукі. Дый самога яго нельга назваць чалавекам слабым. У гістарычную восень 1988-га Емяльянаў ня проста стаў сябрам Арганізацыйнага камітэту БНФ «Адраджэньне». На маю думку, яму ў тыя тыдні належала адна з ключавых роляў.

Тагачасны літкансультант Саюзу пісьменьнікаў, Алесь цудоўна зразумеў стратэгічныя магчымасьці сваёй пасады і напоўніцу выкарыстоўваў іх.

Праз тыдзень пасьля векапомных Дзядоў «Звязда» разам зь іншымі афіцыйнымі выданьнямі зьмясьціла нататку пад назваю «Прыйшла ў рэдакцыю лістоўка». Галоўным у публікацыі быў не камэнтар, а сама інфармацыя пра тое, што рэгістрацыя створаных на месцы працы ці жыхарства групaў падтрымкі БНФ адбываецца па адрасе: Менск, вул. Фрунзэ, 5, Саюз пісьменьнікаў, Алесь Емяльянаў.

Ужо ў дзень зьяўленьня нататкі Алесеў кабінэт ператварыўся ў штаб-кватэру Аргкамітэту. За дзень там бывалі сотні людзей, якія ехалі з усёй Беларусі: прывозілі дакумэнты й сьпісы, атрымлівалі ўлёткі й праграмы, хавалі ў дыпляматы і заплечнікі нацыянальныя сьцягі. Тамсама, у нашым Саюзе, з дапамогаю Алеся праходзілі й першыя паседжаньні фронтаўскага Аргкамітэту.

Нейкім дзівам у тыя шалёныя дні ён яшчэ пасьпяваў пісаць вершы.

Прычакала — у нямым прасьцягу
дзідамі ўзрастае сьмела рунь,
і пад бел-чырвона-белым сьцягам
крылы разьвінае Беларусь.

У сваёй кнізе ўспамінаў «Доўгая дарога дадому» Быкаў згадвае, як паэт Алесь Емяльянаў публічна прызнаўся, што яго вэрбаваў КГБ. «Пісьменьніцкая грамадзкасьць, — піша Васіль Уладзімеравіч, — падвергла яго астракізму, хоць было невядома — за што: за тое, што вэрбавалі, ці за тое, што ён прызнаўся». Ня выключана, што найбольш выступалі супраць Алеся якраз тыя, што насамрэч супрацоўнічалі з «органамі», але не пакаяліся.

Емяльянаў меў разьвітае пачуцьцё гумару, а таму, відаць, толькі пасьмяяўся б з гісторыі, якая адбылася падчас гэтак званых прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Алесева дачка Міхаліна, прыйшоўшы на свой участак, даведалася, што яе бацька-нябожчык ужо прагаласаваў датэрмінова і нават здолеў сам расьпісацца.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне. С. 550–551.