Менскі гарадзкі суд правёў пасяджэньне аб ліквідацыі грамадзкай арганізацыі «Зьвяно» на пазоў Галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму.
Нягледзячы на прагназавана нэгатыўны для сябе вэрдыкт, заснавальніца Тацяна Гацура-Яворская поўная рашучасьці змагацца за сваё дзецішча да канца.
«Гэта быў суд першай інстанцыі, таму гаварыць пра ліквідацыю дачасна, — патлумачыла яна Свабодзе. — Рашэньне набудзе сілу праз 15 дзён пры ўмове, што мы ня будзем яго апратэстоўваць. Але мы пойдзем у Вярхоўны суд, бо ня лічым сябе вінаватымі.
Тады як нашы апанэнты, мякка кажучы, памыліліся. Аргумэнтавалі, што дзейнасьць «Зьвяна» спыняецца на падставе двух папярэджаньняў цягам году ад Міністэрства юстыцыі. Насамрэч было толькі адно! Акрамя таго, нібыта экстрэмізм, які дзесьці ўбачыла Ўпраўленьне крымінальнай міліцыі. Я хадайнічала, каб абнародавалі факты ў судзе, але просьбу праігнаравалі. Таму спадзяёмся, што Вярхоўны суд пачуе нашы аргумэнты і выправіць відавочныя хібы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя прэтэнзіі Міністэрства юстыцыі да аб’яднаньня «Зьвяно». Арганізацыя запрашае ў свае шэрагі новых сяброўПад пагрозай ліквідацыі «Зьвяно» было ня першы месяц. 14 верасьня Вярхоўны суд адхіліў апэляцыйную скаргу арганізацыі на пастанову Менскага гарадзкога суду, які месяц таму пагадзіўся з папярэджаньнямі, што вынесла «Зьвяну» Міністэрства юстыцыі. Для арганізацыі гэта ўжо тады азначала магчымую ліквідацыю рашэньнем суду, які пачаўся ўжо, аднак пазьней быў часова прыпынены.
У чэрвені Міністэрства юстыцыі Беларусі вынесла папярэджаньне «Зьвяну». Сярод выказаных чатырох прэтэнзій было тое, што паводле статуту грамадзкая арганізацыя нібыта ня мела права на маніторынг сыстэмы аховы здароўя, у прыватнасьці — працы дзеля барацьбы з COVID-19. У выніку перамоваў адну з прэтэнзій зьнялі, але гэтая засталася і фігуравала на разглядзе скаргі «Зьвяна» Вярхоўным судом.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аб’яднаньне «Зьвяно» прайграла Мін’юсту судовы працэс, зьвязаны з магчымай ліквідацыяй установыРаней Тацяна Гацура-Яворская паведаміла Свабодзе, што, нягледзячы на станоўчае ці адмоўнае рашэньне аб ліквідацыі, «Зьвяно» зьвернецца ў Камітэт правоў чалавека ААН, бо лічыць, што дзеяньні дзяржавы парушылі права на свабоду аб’яднаньня.
Летась «Зьвяно» правяло маніторынг працы сыстэмы аховы здароўя ва ўмовах пандэміі каранавірусу. Ня ўсе высновы, якія вынікалі з дасьледаваньня праваабаронцаў, спадабаліся чыноўнікам. Асабліва гучным быў лёс фотавыставы, прысьвечанай беларускім мэдыкам, якія змагаліся з COVID-19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта наш з вамі голас». Арганізатары і мастакі пра закрытую выставу аб гераізьме мэдыкаўВыстава пад назвай «Машына дыхае, а я — не» адкрылася 30 сакавіка ў Менску ў прасторы «Месца», але ўжо праз 2 дні яе закрылі нібыта з прычыны санітарных парушэньняў. Арганізатары выставы мяркуюць, што чыноўнікам не спадабаліся паказаныя на выставе фотадакумэнты пра тое, з чым мэдыкі сутыкнуліся ў жніўні мінулага году, — пра гвалт сілавікоў супраць пратэстоўцаў.
Пяцёх арганізатараў выставы, у тым ліку Тацяну Гацуру-Яворскую, затрымалі. Тацяна правяла за кратамі больш за 10 дзён і выйшла зь СІЗА на Валадарскага як падазраваная ў крымінальнай справе. У гэтым статусе яна застаецца і цяпер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Суду яшчэ не было, а пакараньне ўжо адбываецца». Арганізацыі, якая праводзіла выставу пра мэдыкаў, пагражае закрыцьцёПаводле Тацяны Гацуры-Яворскай, крымінальная справа, у якой яна фігуруе, не закрытая, прычым ёй невядома, ці вядуцца ў гэтай справе сьледчыя дзеяньні. Жанчыне забаронены выезд за мяжу, і гэтага абмежаваньня зь яе не здымаюць нават у выпадку, калі ёсьць законныя падставы. Мужа кіраўніцы арганізацыі вымусілі пакінуць Беларусь.
У жніўні «Зьвяну» споўнілася 8 гадоў. За гэты час арганізацыя рэалізавала дзясяткі сацыяльных, асьветніцкіх і праваабарончых праектаў.
Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі
У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.
«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.
22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.
«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»
«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.
30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.
«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.
Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.
Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.
Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.
Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.
Сярод зьліквідаваных арганізацый
- • Human Constanta
- • Беларуская асацыяцыя журналістаў
- • Беларускі Хэльсынскі камітэт
- • Гродна Лайф Медыя
- • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
- • Зьвяно
- • Имена
- • Мова нанова
- • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
- • ПЭН-цэнтар
- • Прававая ініцыятыва
- • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- • Тэрыторыя правоў
- • Цэнтар прававой трансфармацыі
- • Экадом
- Таварыства беларускай мовы
- Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
- Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
- Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
- Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
- Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)
2024 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.