Міжнародны кансорцыюм журналістаў-сьледчых (ICIJ) 3 кастрычніка апублікаваў вынікі расьсьледаваньня «Дасье Пандоры». Журналісты прааналізавалі 12 мільёнаў дакумэнтаў з дадзенымі аб уладальніках афшорных кампаній з усяго сьвету.
Згодна з матэрыяламі расьсьледаваньня, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і яго сваякі набылі нерухомасьць на суму каля 700 мільёнаў даляраў у Вялікай Брытаніі, у асноўным у Лёндане, праз афшорныя кампаніі.
Адзначаецца, што вялікая частка нерухомасьці была набытая за наяўныя. Як паведамляе BBC са спасылкай на дакумэнты, Аліевы набылі 17 аб’ектаў нерухомасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дасье Пандоры»: У якія афшорныя зьлівы раней траплялі беларусыКалі сыну Аліева Гейдару было 11 гадоў, яму належалі ўжо чатыры будынкі ў лёнданскім раёне Майфэр. Нерухомасьць коштам $ 44,7 млн была набытая кампаніяй, якая належыць аднаму з чальцоў сям'і Аліевых, а празь месяц пераведзена на імя Гейдара Аліева — малодшага. Адміністрацыя Аліева і яго сямейнікі пакуль не камэнтавалі гэтае расьсьледаваньне.
Усяго ў расьсьледаваньні «Дасье Пандоры» ўзялі ўдзел больш за 600 журналістаў з 120 краінаў сьвету. Сярод тых, хто трапіў у іх поле зроку, — прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, кароль Ярданіі Абдула II, набліжаныя да першага прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева, прэмʼер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш, былы брытанскі прэмʼер Тоні Блэр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дасье Пандоры»: журналісты выкрылі афшорныя схемы сусьветных лідэраў. 138 кампаніяў з дасье належаць грамадзянам Беларусі