У панядзелак, 4 кастрычніка, адбылася першая тэлефонная размова паміж чыноўнікамі дзьвюх краін. Гэта першы кантакт пасьля чарговага абрыву сувязяў у жніўні, паведамляе «Голас Амэрыкі» са спасылкай на AFP.
У канцы ліпеня дзьве Карэі заявілі аб адлізе, абвясьціўшы аднаўленьне трансгранічных зносінаў, разарваных больш чым год раней. Аднак пацяпленьне трывала толькі два тыдні, пасьля чаго Паўночная Карэя перастала адказваць.
Аб аднаўленьні зносінаў паведамілі як на поўдні, дзе міністар абароны сказаў пра аднаўленьне абмеркаваньняў двухбаковых зносінаў, так і на поўначы, дзе Кім Чэн Ын выказаў намер працаваць над аднаўленьнем перамоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўночная Карэя заявіла аб выпрабаваньні зэнітнай ракетыАднак прафэсар паўночнакарэйскіх дасьледаваньняў жаночага ўнівэрсытэту Эўха ў Сэуле Пак Ван Гон лічыць, што заявы пра аднаўленьне зносінаў ня больш як «сымбалічны жэст». Прафэсар не сумняецца, што Паўночная Карэя, чарговы раз уваходзячы ў дыялёг, адначасова працягвае падрыхтоўку да новых запускаў ракет і іншых правакацый.
Карэя была падзеленая на дзьве дзяржавы пасьля вайны 1950-1953 гг. З таго моманту паміж краінамі былі доўгія пэрыяды без усякіх кантактаў, а таксама пэўныя пэрыяды «адлігі». Чарговы зь іх быў абарваны ў чэрвені 2020 году паўночнакарэйскім бокам пасьля таго, як паўднёвакарэйскія дэмакратычныя актывісты закідалі памежжа ўлёткамі пра таталітарны рэжым у Паўночнай Карэі і неабходнасьць змагацца зь ім.
Двухбаковыя кантакты, адноўленыя 27 ліпеня 2021 году, трывалі толькі два тыдні, пасьля чаго Пхэньян зноў абарваў усе адносіны, пратэстуючы супраць сумесных вучэньняў войскаў Паўднёвай Карэі з ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША, Паўднёвая Карэя і Японія дамовіліся разам супрацьстаяць вайсковым плянам Паўночнай Карэі