Маці Мікіты Залатарова — падлетка з эпілепсіяй, які ўтрымліваецца ў бабруйскай калёніі, не пусьцілі да яго на спатканьне і не прынялі для яго перадачу. Пра гэта паведаміў агенцтву БелаПАН бацька падлетка Міхаіл Лапуноў.
Паводле яго, маці Мікіты 2 кастрычніка паехала да сына на спатканьне ў бабруйскую калёнію. «Павінна была трапіць на спатканьне. Не пусьцілі. Сын у ізалятары, сказаў нейкі ўстрывожаны чалавек у форме. Прадуктаў ня ўзялі, усё прывезла назад. Прасіла зрабіць фота, каб пераканацца, што ён жывы. Ахоўнік сказаў, што „не паложана“. Вось так, з каменем на душы, і вярнулася дадому», — пракамэнтаваў Лапуноў.
У калёніі, паводле яго, «вельмі цяжкія ўмовы». «Што з сынам, мы ня ведаем. Наглядчыкам ня верым», — дадаў Лапуноў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падлетка з эпілепсіяй асудзілі на 1,5 года за «гвалт над міліцыянтамі». Раней ён атрымаў 5 гадоў за «масавыя беспарадкі»- Міліцыя затрымала Мікіту Залатарова ў Гомелі 11 жніўня 2020 году. Тады яму было 16 гадоў. Падлетка абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках. У лютым 2021 году суд пакараў яго пазбаўленьнем волі на пяць гадоў. У ліпені адбыўся яшчэ адзін суд. За «гвалт над міліцыяй» — напад на супрацоўнікаў СІЗА — непаўналетняга асудзілі на паўтара года пазбаўленьня волі. З улікам зьменаў у крымінальным праве ён будзе сядзець у калёніі чатыры з паловай гады (адзін дзень у СІЗА залічваецца як паўтара дня ў калёніі).
- Мікіта Залатароў быў зьбіты пасьля затрыманьня і трапіў у рэанімацыю. На судах ён неаднаразова заяўляў, што яго б’юць у СІЗА і не даюць лекі.