Некалькі чалавек загінулі ў Кабуле ў выніку выбуху недалёка ад мячэці Ідгах. Пра гэта паведаміў прадстаўнік руху «Талібан» Забіхула Муджахід. У мячэці падчас выбуху праходзіла цырымонія разьвітаньня зь ягонай маці.
Афганская служба Радыё Свабода са спасылкай на прадстаўніка ўраду талібаў піша пра гібель двух чалавек. Яшчэ два чалавекі параненыя. Паводле дадзеных карэспандэнта Tolo News, загінулі восем чалавек, 20 параненыя.
У сувязі з нападам затрыманыя тры чалавекі. Адказнасьць за выбух на сябе пакуль што ніхто ня ўзяў. Як паведамляюць СМІ, пасьля выбуху талібы ўступілі ў перастрэлку з байцамі групоўкі «Ісламская дзяржава».
Таксама стала вядома аб тым, што ў Джалалабадзе талібы пакаралі сьмерцю двух прыхільнікаў «Ісламскай дзяржавы». Паводле мясцовых СМІ, пакараныя сьмерцю былі датычныя да забойстваў чатырох чалавек, у тым ліку мясцовага журналіста.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Талібан» адправіў тысячы байцоў-сьмяротнікаў ў памежную з Таджыкістанам правінцыю- Рух «Талібан» захапіў уладу ў Аўганістане ў жніўні – на тле вываду войскаў ЗША. У верасьні прадстаўнікі руху заявілі аб аднаўленьні сьмяротных пакараньняў у краіне.
- Раней талібы заяўлялі, што ў краіне няма байцоў «Ісламскай дзяржавы», але некаторы час таму яны пачалі апэрацыю супраць радыкальнай групоўкі ў правінцыі Нангархар.