Выніковы праект новай канстытуцыі Беларусі можа быць прадстаўлены для публічнага абмеркаваньня не пазьней за 7 лістапада. Пра гэта паведаміў у эфіры АНТ сябра Канстытуцыйнай камісіі Юры Васкрасенскі.
«Думаю, тэкст [праекта канстытуцыі], які будзе прадастаўлены, напэўна, не пазьней за 7 лістапада для ўжо публічнага абмеркаваньня для грамадзян Беларусі, будзе ўжо ідэальна адшліфаваны», — сказаў Васкрасенскі.
Як расказаў у інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1» старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, у новай канстытуцыі будзе абмежаваньне колькасьці прэзыдэнцкіх тэрмінаў — два тэрміны па пяць гадоў.
Пакуль ня вызначаны спосаб фарміраваньня Ўсебеларускага народнага сходу, а таксама яго паўнамоцтвы. У новай Канстытуцыі хочуць адмяніць забарону галасаваць для людзей, якія знаходзяцца пад вартай да суда, замацаваць абмежаваньне на фінансаваньне выбарчай кампаніі з-за мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне дэпутаты ад прапрэзыдэнцкай фракцыі «Слуга народу» сабралі подпісы за адстаўку сьпікера Рады