Як паведамляе ТАСС, Пастаянная камісія правоў чалавека ў інфармацыйнай сфэры Рады пры прэзыдэнце РФ па разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека (РПЧ) заклікае ўлады Беларусі вызваліць затрыманага ў ноч з 1 на 2 кастрычніка журналіста выданьня «Камсамольская праўда ў Беларусі» Генадзя Мажэйку. Пра гэта гаворыцца ў заяве камісіі, якую апублікавала прэс-служба РПЧ у сваім Telegram-канале ў суботу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Расеі пракамэнтавала сытуацыю з «Камсамолкай» у Беларусі«Пастаянная камісія правоў чалавека ў інфармацыйнай сфэры Радз пры прэзыдэнце РФ па разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека заклікае ўлады Беларусі неадкладна вызваліць журналіста [Генадзя Мажэйку]. Пасьля блякаваньня сайту „Камсамольскай праўды ў Беларусі“ гэтыя дзеяньні беларускіх уладаў выглядаюць мэтанакіраваным ціскам на расейскія мэдыі на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы», — гаворыцца ў заяве.
«Прафэсійная дзейнасьць журналіста ня можа быць падставай для перасьледу», — падкрэсьліваецца ў паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі журналіста «Комсомольской правды», які пісаў пра загінулага Андрэя ЗельцараДоступ да сайту выданьня «Камсамольская праўда ў Беларусі» быў заблякаваны ў сераду. У міністэрстве інфармацыі рэспублікі патлумачылі, што гэтае рашэньне прынятае ў сувязі з тым, што выданьне пісала пра інфармацыю, «якая садзейнічае фармаваньню крыніц пагроз нацыянальнай бясьпецы». У рэдакцыі газэты заявілі, што працягваюць разьбірацца ў сытуацыі і гатовыя ліквідаваць парушэньні, выяўленыя дзяржаўнымі органамі.
У мінулым годзе гэтае выданьне выключылі з падпісных каталёгаў, забаранілі прадаваць у кіёсках. Дзяржаўная друкарня Беларусі з канца жніўня 2020 году перастала друкаваць некалькі недзяржаўных выданьняў, у тым ліку «Комсомольскую правду».
Раней паведамлялася, што журналіст выданьня «Камсамольская праўда ў Беларусі» Генадзь Мажэйка быў затрыманы ў ноч з 1 на 2 кастрычніка ў Маскве і ўжо знаходзіцца ў ізалятары на вуліцы Акрэсьціна ў Менску. Пра гэта паведаміла «Комсомольская правда» са спасылкай на словы маці журналіста. Паводле яе, 1 кастрычніка ў кватэры яе сына па месцы жыхарства на працягу дзьвюх з паловай гадзін адбываўся ператрус супрацоўнікамі КДБ. У пастанове на ператрус, па яе словах, былі пазначаны артыкула 130 і 369 Крымінальнага кодэксу аб распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або роьзні і абразе прадстаўніка ўлады.
Перастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома
28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.
Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.
Андрэю Зельцару быў 31 год.
У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).
Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.
Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».
17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».
Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.
Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.
Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».
Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).