Падзеі 3 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі
Дзень у гісторыі
1615 — у выніку антыфэадальнага паўстаньня гараджанаў у Мазыры ўлада перайшла да гарадзкога магістрату.
1705 — Станіслаў Ляшчынскі падпісаў pacta conventa, а на другі дзень арцыбіскуп Львоўскі Канстанцы Зялінскі правёў ягоную каранацыю.
1952 — Вялікая Брытанія правяла першае выпрабаваньне ядзернай зброі.
1990 — адбылося ўзьяднаньне Нямеччыны. У гэты дзень адзначаецца Дзень нямецкага адзінства.
У гэты дзень нарадзіліся
1458 — Казімер Казіміравіч, каталіцкі сьвяты, патрон Польшчы
1889 — Міхал Пятроўскі, беларускі хадэцкі дзяяч, каталіцкі сьвятар
1895 — Сяргей Ясенін, расейскі паэт.
1897 — Міхась Дуброўскі, беларускі пісьменьнік, перакладчык
1897 — Люі Араґон, францускі пісьменьнік.
1914 — Ян Новак-Езяранскі, польскі журналіст, публіцыст, палітычны актывіст.
1978 — Віктар Жыбуль, беларускі паэт.
У памяці
1226 — Францішак Асыскі, заснавальнік ордэну Францішканаў, каталіцкі сьвяты.
1652 — Крыштап Хадкевіч, дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.
1848 — Міхал Баброўскі, славіст і арыенталіст, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэт, уніяцкі сьвятар. Чалец Археалягічнай акадэміі ў Рыме, парыскага і лёнданскага Азіяцкіх навуковых таварыстваў, камітэту выпрацаваньня харвацкага правапісу ў Далмацыі.
1937 — Павал Валошын, беларускі палітычны дзеяч
2013 — Віктар Івашкевіч, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, журналіст, адзін зь лідэраў нацыянальнага адраджэнскага руху.
Нас прывезьлі на «казьле» ў пастарунак, і сяржант кінуўся зрываць у мяне з шыі керамічны мэдальён. Другі служака ў форме заняўся Віктарам. Баронячыся адной рукой, другой я спрабаваў выцягнуць з кішэні пісьменьніцкае пасьведчаньне. Віктар абараняўся абедзьвюма рукамі. «Вы ведаеце, што вам сьвеціць за супраціў міліцыі!» — роў сяржант. І тут мне нарэшце ўдалося тыцнуць яму ў твар чырвоную кніжачку з надпісам «Союз писателей СССР».
Тады такія дакумэнты дзейнічалі. Мы былі вызваленыя і пасьпелі на дзьвінскі бераг да старту ладжанага моладзьдзю воднага ралі «Дзьвіна — Даўгава», што было пратэстам супроць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС. Мэдальёны ўдзельнікаў акцыі засталіся пры нас, як і чырвоныя пісягі на шыях, якія потым доўга мянялі колеры. Гэта было нашае зь Віктарам першае затрыманьне. Ішоў 1987 год.
Потым, калі ён, журналіст паводле адукацыі, канчаткова абраў палітыку, у яго гэтых затрыманьняў рабілася ўсё болей. І ня проста затрыманьняў, але судоў, адседак у турме на Акрэсьціна.
У 1988-м Віктар займаўся арганізацыяй адной зь першых чарнобыльскіх акцыяў пратэсту — экалягічнага маршу па Прыпяці. Праз год ладзіў забастоўку кіроўцаў менскіх аўтобусаў. Увесну 1991-га ствараў страйкамы. Ужо існаваў БНФ, у якім Івашкевіч ад самага пачатку быў у ліку лідэраў.
Да 1996 году ён працаваў сакратаром фронтаўскай управы на тагачаснай вуліцы Варвашэні і кожны дзень уздымаў над уваходам бел-чырвона-белы сьцяг. Віктар адказваў за масавыя акцыі й фінансавае забесьпячэньне Фронту.
Станіслаў Шушкевіч сьцьвярджае, што лепшага арганізатара, чым Івашкевіч, ён проста ня ведае. Дый сярод «апанэнтаў», бясспрэчна, хапае людзей, якія былі б з гэтым згодныя: працу ім Віктар падкідваў рэгулярна.
Пяць гадоў ён рэдагаваў газэту «Рабочы», дзе быў апублікаваны артыкул «Злодзей павінен сядзець у турме», за што рэдактар атрымаў у 2002-м два гады «хіміі» па абвінавачваньні ў паклёпе на «аўгусьцейшую» асобу.
2007—2009-я гады Івашкевіч аддаў пасадзе намесьніка старшыні партыі БНФ, потым кіраваў яе менскай гарадзкой арганізацыяй. На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году стаў даверанай асобай кандыдата ад «Эўрапейскай Беларусі» Андрэя Саньнікава.
Герой — той, хто і паразу сустракае з высока ўзьнятай галавой. У апошнія гады міліцыя не забірала Віктара з вулічных акцыяў або з дому з адной-аднюткай прычыны: там ведалі, што Івашкевіч сьмяротна хворы і можа памерці проста ў варанку…
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, С.648-649
2014 — Рыгор Кійко, беларускі мастак, палітвязень.