Хроніка перасьледу 2 кастрычніка. Удзельніка леташніх пратэстаў каля «Рыгі» асудзілі на 4 гады калёніі

Павал Лукаянаў, архінае фота

Свабода сочыць за падзеямі ў Беларусі: не спыняюцца ператрусы ў актывістаў, працягваюцца суды паводле адміністрацыйных і крымінальных артыкулаў за пратэставыя дзеяньні.

У судзе Цэнтральнага раёна Менску 1 кастрычніка да 4 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі 27-гадовага палітвязьня Паўла Лукаянава, паведаміла «Вясна».

Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў пратэстах уначы з 10 на 11 жніўня каля ГЦ «Рыга» на вуліцы Сурганава ў Менску.

Суд прайшоў за адзін дзень. Лукаянава трымалі пад вартай з 23 ліпеня.

Інжынэра-канструктара «Нафтана» арыштавалі за фота з плякатам «Я/МЫ TUT.бай» у Instagram

41-гадовы Аляксандар Балонкін — намесьнік кіраўніка незалежнага прафсаюзу работнікаў наваполацкага «Нафтана». Яго затрымалі 27 верасьня на працы.

Балонкін віну не прызнаў і заявіў, што ў яго няма старонкі ў інстаграме, таму ён ня ведае, каму належыць публікацыя.

Аднак судзьдзя Балаболава арыштавала яго за «экстрэмісцкі» лягатып на фота.

Аляксандра Балонкіна не затрымалі ў судзе, цягам году яго могуць забраць «на суткі» ва ўсякі момант, паведаміла «Вясна назірае».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі журналіста «Комсомольской правды», які пісаў пра загінулага Андрэя Зельцара

У Бабруйску затрымалі актывістку Ксенію Емяльяненка

1 ліпеня ў яе правялі паўторны ператрус. Мінулы быў тыдзень таму. Пасьля допыту яе пакінулі пад вартай да суду, паведаміў «Бобруйск Online».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ заявіў, што спыніў дзейнасьць «экстрэмісцкай сеткі» пад назовам «Рабочы рух»