З Лукашэнкам гаварыў старэйшы міжнародны аглядальнік CNN у Расеі Мэцью Чэнс, які разьмясьціў анонс інтэрвію ў Twitter, назваўшы суразмоўцу «прэзыдэнтам Беларусі». Тым часам перамогу Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 2020 году не прызналі ЗША, краіны Эўразьвязу, іншыя краіны сьвету.
Сам факт інтэрвію з Лукашэнкам і называньне яго «прэзыдэнтам» выклікаў шырокую крытычную рэакцыю ў сацыяльных сетках. На твіт Мэт'ю Чэнса прыйшло больш за 600 абураных адказаў.
Дасталася таксама і вядоўцы CNN Крыстыян Аманпур, якая перапосьціла ў Twitter фрагмэнт інтэрвію і таксама ўжыла тэрмін «прэзыдэнт».
У інтэрвію сярод іншага Чэнс са спасылкай на Human Rights Watch і Amnesty International запытаўся пра катаваньні затрыманых пасьля пратэстаў летам 2020 году ў Беларусі.
«Міжнародная амністыя паведамляе, што ізалятары ператварылі ў камэры катаваньняў. Затрыманыя ляжалі ў гразі і голыя, а паліцыянты білі іх дубінкамі. Вам не здаецца, што варта было б папрасіць прабачэньня за гэта?» — спытаўся Чэнс.
Лукашэнка ўсё абверг і назваў дадзеныя праваабаронцаў «фэйкамі». Ён сказаў, што ня мае за што прасіць прабачэньня. І калі б гэта было, ён зрабіў бы гэта празь беларускія СМІ.
Гаворачы пра мігранцкі крызіс на межах Беларусі, Лукашэнка папрасіў журналіста не перапыняць яго, калі Чэнс спрабаваў у яго нешта спытаць.
Лукашэнка таксама заявіў, што «Беларусь ужо даўно зьяўляецца фарпостам саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі... І пры неабходнасьці фарпост будзе створаны на працягу месяца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі з Расеяй, па сутнасьці, адзіная арміяПра інтэрвію для CNN падрабязна паведамілі дзяржаўныя беларускія інфармацыйныя каналы, а аглядальніка CNN Мэт'ю Чэнса адзін з аналітыкаў у інтэрвію агенцтва БелТА назваў «свойго роду народным парлямэнтаром ад грамадзянскай супольнасьці Захаду».