Міхаіл Саакашвілі заявіў, што вярнуўся ў Грузію, дзе ён прыгавораны да двух турэмных тэрмінаў

Міхаіл Саакашвілі

Былы прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі паведаміў, што вярнуўся ў краіну. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

«Добрай раніцы, Грузія. Восем гадоў прайшло», — напісаў ён.

Пазьней Саакашвілі выклаў відэазварот, у якім заявіў, што знаходзіцца ў Батумі.

У заснаванай ім партыі «Адзіны нацыянальны рух» паведамілі выданьню On.ge, што ня ведаюць падрабязнасьцяў вяртаньня Саакашвілі.

У МУС Грузіі заявілі, што Саакашвілі не перасякаў дзяржаўнай мяжы.

Раней былы прэзыдэнт Грузіі заявіў, што вернецца ў краіну ўвечары 2 кастрычніка. Ён сказаў, што ўзяў квіткі на самалёт з Кіева ў Тбілісі. Прэм’ер-міністар краіны Іраклій Гарыбашвілі заявіў, што пасьля прыбыцьця ў Грузію Саакашвілі «будзе арыштаваны і накіраваны ў турму».

  • Саакашвілі пакінуў Грузію ў 2013 годзе, адразу пасьля гэтага супраць яго распачалі чатыры крымінальныя справы. Ён знаходзіцца ў вышуку, яму вынесьлі шэраг прысудаў: праз абвінавачваньні ў арганізацыі расправы над удзельнікамі мітынгу 7 лістапада 2007 году, у супрацьпраўным ўварваньні ў будынак тэлеканалу «Імэды» і незаконным прысваеньні маёмасьці бізнэсоўца Бадры Патаркацышвілі, а таксама ў арганізацыі нападу на дэпутата Валерыя Гелашвілі ў 2005 годзе, перашкодзе расьсьледаваньню забойства банкіра Сандра Гіргвліяні і растраце дзяржаўных сродкаў у 2009-2012 гадах.
  • У 2018 годзе палітык у частцы гэтых спраў быў завочна асуджаны на тры гады турмы. Пазьней у 2018 годзе Генэральная пракуратура Грузіі таксама абвінаваціла Саакашвілі ў датычнасьці да забойства Патаркацышвілі.
  • У 2015 годзе былы прэзыдэнт Грузіі атрымаў украінскае грамадзянства па ўказе папярэдняга прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, які прызначыў яго кіраўніком Адэскай абласной адміністрацыі. Аднак праз два гады адносіны Парашэнка і Саакашвілі разладзіліся і ўкраінскі прэзыдэнт прыпыніў дзеяньне ўказу аб наданьні палітыку грамадзянства. Тады ж Саакашвілі забаранілі ўезд на ўкраінскую тэрыторыю да 2021 году. Украінскае грамадзянства палітыку вярнуў толькі Ўладзімір Зяленскі, пасьля таго як выйграў выбары прэзыдэнта.
  • 7 траўня сёлета прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сваім указам прызначыў Саакашвілі кіраўніком Выканаўчага камітэту рэформаў. Аднак на гэтай пасадзе Саакашвілі прапрацаваў менш за паўгода.