Гэта адбылося ў польскім Беластоку на фэстывалі «Кірунак — Усход». Яны паказалі спэктакль «Я».
«Лягла на сцэну, думаю: „Божачкі! Я ляжу на сцэне. Я стаю на сцэне. Гэта штосьці дзіўнае“», — падзялілася ўражаньнямі з Радыё Рацыя ад падрыхтоўкі да выступу акторка Крысьціна Дробыш.
«Жывыя душы сядзяць. Яны будуць глядзець. Гэта ж такая адказнасьць!» — дадаў Павал Астравух.
17 лістапада «Купалаўцы» выступяць з спэктаклем «Я» на тэатральным фэстывалі Voila Europe у Лёндане. У Zoomʼе будзе весьціся жывая трансьляцыя для тых, хто купіць квіток.
Купалаўцы апісваюць спэктакль Рамана Падалякі як «сапраўдную гісторыю пра сьвет дзяцінства, складзеную з нашых з вамі ўспамінаў».
- «„Я“ — гэта спэктакль пра тое, што адбывалася першы раз у жыцьці.
- „Я“ — гэта спроба вярнуцца ў дзяцінства, калі кожнае імгненьне было неймаверным адкрыцьцём і падзеяй.
- „Я“ — спроба зразумець сябе і прыняць складаныя моманты свайго жыцьця.
- „Я“ — гэта тое, што больш ніколі ня вернецца, але заўжды будзе побач з табой», — пішуць купалаўцы.
30 верасьня на фэсьце ў Беластоку выступяць прадстаўнікі незалежнага беларускага тэатральнага праекту «ГэтаМы», паведаміў «Белсат».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым цяпер займаюцца купалаўцы, якія год назад звольніліся на знак пратэстуУ жніўні 2020 году купалаўцы публічна асудзілі самавольства і гвалт сілавікоў у дачыненьні да мірных дэманстрантаў, пасьля чаго быў звольнены дырэктар тэатру Павал Латушка. На знак салідарнасьці зь ім Купалаўскі тэатар пакінулі практычна ўсе акторы, рэжысэры, рэдактары, адміністратары, музыкі аркестру, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі, мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін — звыш 60 чалавек. Ня маючы сцэны, яны заснавалі незалежную трупу «Купалаўцы» і стварылі 6 арыгінальных спэктакляў.
З таго часу купалаўцы выступалі онлайн і здымаліся ў відэапастаноўках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Моц у тым, што ў цябе няма зброі». Як беларускія артысты і мастакі працягваюць сваю справу ў Польшчы