Раней прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што з 29 верасьня Ўладзімір Пуцін фактычна выйшаў з рэжыму самаізаляцыі, які ён трымаў два тыдні. Першай афіцыйнай вочнай сустрэчай Пуціна пасьля выхаду з самаізаляцыі стала сустрэча ў Сочы з прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам. Менавіта па завяршэньні перамоваў зь ім Пуцін расказаў, што не заразіўся, хоць у ягоным атачэньні многія захварэлі. На думку прэзыдэнта Расеі, яму дапамагла рэвакцынацыя «Спутнікам V», дзякуючы якой у яго захоўваецца высокі ўзровень антыцелаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэй Іларыёнаў: «Паміж Лукашэнкам і Пуціным гонка — хто першы сыдзе»Пра тое, што 29 верасьня ў Сочы адбудуцца перамовы з Эрдаганам, было вядома загадзя, аднак да сёньняшняга дня Крэмль не пацьвярджаў, што Пуцін мае намер выйсьці з самаізаляцыі. Знаходзячыся на карантыне, Пуцін праводзіў сустрэчы ў фармаце онлайн, у тым ліку і зь лідэрамі партый, якія перамаглі на выбарах у Дзярждуму.
Ён таксама прагаласаваў, скарыстаўшыся сыстэмай дыстанцыйнага галасаваньня, якая выклікала крытыку прыхільнікаў апазыцыі. КПРФ падала пазовы ў суд, патрабуючы адмяніць вынікі электроннага галасаваньня ва ўсіх 15 маскоўскіх аднамандатных акругах, сьцьвярджаючы, што яны маглі быць сфальсыфікаваныя.
На перамовах з Эрдаганам, як паведамляецца, абмяркоўваліся перш за ўсё міжнародныя адносіны, у тым ліку сытуацыя ў Сырыі і Лібіі, дзе Расея і Турэччына падтрымліваюць варагуючыя сілы. Абмяркоўвалася таксама энэргетыка. На пачатку перамоў Пуцін згадаў і пра расейска-турэцкі цэнтар маніторынгу працэсу спыненьня агню ў Нагорным Карабаху, сказаўшы, што яго праца — «гарантыя стабільнасьці» ў рэгіёне. Турэччына адкрыта падтрымлівае адзін з бакоў канфлікту — Азэрбайджан.
- У тыдні, якія папярэднічалі сустрэчы прэзыдэнтаў Расеі і Турэччыны — першай іх вочнай сустрэчы з сакавіка 2020 году — ізноў абвастрылася сытуацыя ў Сырыі, дзе расейскія ВПС бамбуюць пазыцыі атрадаў узброенай апазыцыі. Таксама афіцыйная Масква скрытыкавала выказваньні самога Эрдагана пра тое, што Турэччына не прызнае анэксію Крыму, і пазыцыю турэцкіх уладаў адносна непрызнаньня вынікаў выбараў у Дзярждуму, якія праводзіліся ў Крыме. Пра тое, ці абмяркоўваліся на перамовах тэмы, зьвязаныя з Украінай і Крымам, не паведамляецца.