На пачатку верасьня абласная газэта «Мінская праўда» разьмясьціла на вокладцы карыкатуру з падзагалоўкам «Мутацыя веры», на якой былі намаляваныя каталіцкія сьвятары з крыжамі ў форме свастыкі. Людзі ўгледзелі ў публікацыі распаўсюд экстрэмізму і склалі адпаведную пэтыцыю. Яе адправілі на партал «Зручны горад» і запатрабавалі прыцягнуць рэдакцыю газэты да адказнасьці.
«Лічым падобныя публікацыі ў дачыненьні да прадстаўнікоў духавенства, да таго ж рэлігіі, якую вызнае больш за 15% насельніцтва краіны, недапушчальнымі, зьняважлівымі і абуральнымі ня толькі для ксяндзоў, але й для ўсіх каталікоў Беларусі. Дадзеная публікацыя дзяржаўнага СМІ ўспрымаецца намі як спроба распальваньня рэлігійнай варажнечы да Касьцёла і каталіцкіх вернікаў», — напісалі аўтары пэтыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі Касьцёл: «Публікацыя ў „Мінскай праўдзе“ нясе маральную шкоду хрысьціянам розных канфэсій»Міністэрства інфармацыі дало свой адказ за подпісам намесьніка міністра Ігара Бузоўскага.
«У Міністэрстве інфармацыі сумесна з зацікаўленымі, уключаючы апарат Упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў, прааналізавалі апублікаваны матэрыял. Паводле агульнага меркаваньня, публікацыя не спрыяе падтрыманьню міжканфэсійнага міру і згоды ў нашай краіне. Атаясамліваньне дзейнасьці асобных каталіцкіх сьвятароў з усёй Рымска-каталіцкай царквой у Беларусі зьяўляецца непрымальным».
Таксама ў Міністэрстве інфармацыі адзначылі, што такія публікацыі «могуць нанесьці шкоду міжканфэсійным адносінам, а таксама выклікаць нэгатыўныя наступствы ў грамадзкіх адносінах».
Міністэрства інфармацыі пісьмова запатрабавала ад рэдакцыі газэты «Мінская праўда» зрабіць захады дзеля недапушчэньня такіх публікацый у будучыні і атрымала ад рэдакцыі адпаведныя абяцаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Біскуп Касабуцкі: Бел-чырвона-белы сьцяг — гэта сымбаль уваскрослага Хрыста, і гэта не залежыць ад ідэолягаўРэдактарам газэты ў час скандальнай публікацыі была Вольга Селязьнёва, якая раней узначальвала іншыя дзяржаўныя газэты — «Добрушскі край» і «Гомельские ведомости», была супрацоўніцай «Гомельскай праўды» і дэпутаткай мясцовых саветаў.
У рэдакцыі сказалі, што кіруе рэдакцыяй генэральны дырэктар Ларыса Коршун. Звольненая Селязьнёва ці не, там ня ведаюць, бо рашэньне прымае Мінінфармацыі, а рэдакцыі нічога наконт гэтага не даводзілі.
Ужо наступны нумар «Мінскай праўды» выйшаў без пазначэньня імя галоўнага рэдактара. Як паведаміла тады выданьне «Флагшток», на пытаньне журналіста пра падзеі ў рэдакцыі заявілі, што новы галоўны рэдактар «пакуль ня ўзгоднены».
Неўзабаве ўлады абверглі інфармацыю пра звальненьне Селязьнёвай, аднак пры гэтым у парушэньне заканадаўства аб СМІ ўжо трэці нумар газэты выйшаў без пазначэньня інфармацыі пра галоўнага рэдактара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбылося з Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквамі за год пратэстаў і рэпрэсій. Адказваюць сьвятары і вернікі