На думку Марціна Пшыдача, становішча дзеячоў польскай меншасьці ў Беларусі Анджэя Пачобута і Анжалікі Борыс вельмі цяжкае, паколькі беларускія ўлады адмаўляюць у кантактах зь імі, а міжнародны ціск на рэжым Лукашэнкі недастатковы, цытуе дзяржаўнага чыноўніка Dziennik Gazeta prawna.
«Ня будзем утойваць, што сытуацыя вакол Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута вельмі складаная, улады Беларусі адмаўляюць польскім консулам і дыпляматычным службам кантактаваць са зьняволенымі непасрэдна, сьцьвярджаючы, што гэтыя людзі не грамадзяне Польшчы, а грамадзяне Беларусі. Нашы намаганьні і наша дыпляматыя, непасрэдна ў двухбаковых адносінах, спрабуе прымусіць беларускі бок у першую чаргу зьвязацца са зьняволенымі», — сказаў Пшыдач.
Ён падкрэсьліў, што польскія дыпляматы ставяць задачу вызваленьня палітвязьняў польскага паходжаньня. Раней удалося вызваліць іншых польскіх дзеячоў, іх вывезьлі ў Польшчу, дзе яны ў бясьпецы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вызваліць Анджэя Пачобута!». У Варшаве прайшла акцыя ў падтрымку палітвязьняволенага журналістаМарцін Пшыдач адзначыў, што дзяржава робіць усё магчымае для вызваленьня палітвязьняў, неаднаразова прасіла аб узмацненьні ўплыву на Менск кіраўніцтва Эўразьвязу, а таксама NATO.
Чыноўнік адзначыў, што чатыры пакеты санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі пакуль «не прынесьлі жаданага выніку», галоўным чынам з прычыны дапамогі Расеі, якая падтрымлівае цяперашняе кіраўніцтва Беларусі.
Пшыдач спадзяецца, што пяты пакет санкцый, які Эўразьвяз рыхтуецца прыняць у канцы кастрычніка, прывядзе да зьмены замежнапалітычнага курсу Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Санкцыі супраць Беларусі прывядуць да зьніжэньня ўраджайнасьці ў сьвеце». 5 цытатаў Макея з выступаў у Нью-ЁркуСёлета 25 сакавіка да журналіста Анджэя Пачобута прыйшлі зь ператрусам і затрымалі. Цяпер ён знаходзіцца ў жодзінскай турме. Таксама ў сакавіку затрымалі яшчэ трох актывістак польскай дыяспары і старшыню арганізацыі Анжаліку Борыс. Ім закідалі «распальваньне нацыянальнай варожасьці» і «рэабілітацыю нацызму». Пазьней стала вядома, што Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс адмовіліся ад вызваленьня ў абмен на згоду пакінуць радзіму.
У той жа час іншыя актывісткі — Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава — гэтай магчымасьцю скарысталіся, іх без дакумэнтаў вывезьлі ў Польшчу.
Пра парушэньне правоў чалавека ў Беларусі, вялізную колькасьць зьняволеных з палітычных матываў людзей, у тым ліку прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасьці, у верасьні з трыбуны ААН гаварыў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Ён заклікаў міжнародную супольнасьць павялічыць ціск на Лукашэнку і яго атачэньне з тым, каб прымусіць іх вызваліць усіх палітвязьняў і спыніць рэпрэсіі ў краіне, а таксама штучнае нагнятаньне міграцыйнага крызісу на межах дзяржавы з Эўрапейскім зьвязам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнты Польшчы, Літвы і Латвіі асудзілі рэжым Лукашэнкі на Генасамблеіі ААН