Рэдакцыя запусьціла два люстэркі сайту — па-беларуску і па-расейску. Таксама яны ствараюць турба-вэрсіі асобных навінаў на «Яндексе». За навінамі можна сачыць і праз сацыяльныя сеткі рэдакцыі (фэйсбук, тэлеграм, інстаграм, укантакце). Сайт Hrodna.life па-ранейшаму даступны праз VPN і за межамі Беларусі.
15 верасьня пракуратура Горадзенскай вобласьці вырашыла абмежаваць доступ да горадзенскага інтэрнэт-рэсурсу Hrodna.life.
16 верасьня пастанову з подпісам Эдуарда Бурака, які выконвае абавязкі абласнога пракурора, накіравалі 16 верасьня ў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і ў дзяржаўную інспэкцыю электрасувязі.
27 верасьня сайт перастаў адкрывацца ў Беларусі. Замест яго выдаецца стандартнае паведамленьне пра тое, што доступ абмежаваны на падставе рашэньня Міністэрства інфармацыі.
У дакумэнце, які атрымала рэдакцыя Hrodna.life 22 верасьня, называліся прычыны блякаваньня:
- «Асобныя артыкулы, якія суправаджаюцца відэаматэрыяламі, што нэгатыўна характарызуюць Беларусь пасьля выбарчай кампаніі і дыскрэдытуюць дзейнасьць дзяржаўных праваахоўных органаў».
- Прыцягненьне рэдактараў «Гродна Лайф Медыя» Аляксея Шоты і Ірыны Новік да адміністрацыйнай адказнасьці за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
За апошні год рэдакцыя Hrodna.life зазнала арышты, ператрусы і сумарна атрымала больш як на 10 тысяч даляраў штрафаў. Арганізацыю ААТ «Гродна Лайф Медыя», якой належыць горадзенскі незалежны інтэрнэт-партал HrodnaLife, належыць ліквідаваць да 30 лістапада. Такое рашэньне сёньня вынес эканамічны суд Горадзенскай вобласьці.
Ад сярэдзіны ліпеня па ўсёй Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый.
Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацый. Іх прадстаўнікоў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Страшна сьмярдзіць шкарпэткамі і бядой». Рэдактарка Hrodna.life пра тое, як турма мяняе чалавека нават за 2 дні