Беларускія сілавікі пабілі сырыйскіх мігрантаў і забралі ў іх грошы, — RMF FM

Польска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Як сьцьвярджаюць мігранты, падчас падарожжа да мяжы з Польшчай іх неаднаразова затрымлівалі беларускія службы. У ходзе праверкі памежнікі забралі частку грошай, а аднаму з мужчын зламалі сківіцу, паведамляе RMF FM.

Сырыйцы прыехалі ў Менск зь Ярданіі, дзе пражылі некалькі гадоў. Пасьля прызямленьня ў Беларусі таксі павінна было даставіць іх на мяжу з Польшчай. Па словах сырыйцаў, менавіта падчас гэтай паездкі іх затрымлівалі некалькі разоў супрацоўнікі беларускіх сілавых ведамстваў.

Паводле сьведчаньняў мужчын, беларускія сілавікі рабавалі і білі іх. Толькі пазьней іх высадзілі на мяжы, дзе паказалі далейшы кірунак іх шляху.

У выніку мігранты з дапамогай кіроўцы ўкраінскага паходжаньня дабраліся да Ажарава Мазавецкага ў Польшчы, дзе іх і затрымалі. Аднаго зь іх даставілі ў лякарню, таму што ў яго была зламаная сківіца. Астатнія добраахвотна пагадзіліся на штраф. У сваю чаргу, вадзіцель, які перавозіў мігрантаў, быў абвінавачаны ў датычнасьці да арганізацыі незаконнага перасячэньня мяжы, яго арыштавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На тэрыторыі Беларусі памёр 16-гадовы ўцякач. Да гэтага яго ванітавала крывёю, — Onet.pl