Марына Адамовіч напісала ў сваім фэйсбуку, што пасьля перапынку атрымала адразу два лісты ад Міколы Статкевіча.
«Пасьля новага прызначэньня „нашага“ судзьдзі найбольш баялася, ці не пачнецца „суд“ нанова. Мікалай напісаў: „Што тычыцца „суду“, то не хвалюйся — „дублёр“ сядзеў ад пачатку. І мне ад пачатку сказалі пра гэта меркаванае прызначэньне як узнагароду. Пра што я адразу там і спытаўся».
Далей Адамовіч піша, што атрымала чарговую адмову з суду на заяву аб спатканьні з мужам.
«Усё тое ж, што і раней, акрамя прозьвішча судзьдзі. З высокай (~100%) імавернасьцю гэта той самы „дублёр“. Так што „суд“, які цягнецца ўжо чацьвёрты месяц“, працягнецца і далей», — напісала Марына Адамовіч і дадала, што Мікалай Статкевіч у працэсе ня ўдзельнічае.
Новым судзьдзём у справе групы палітвязьняў, уключна са Статкевічам, стаў Мікалай Доля, інфармуе «Эўрарадыё». Папярэдняга — Мікалая Бакунова — павысілі, ён стаў старшынём суду Чыгуначнага раёну Гомля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прызначылі новага судзьдзю ў справе Ціханоўскага, Статкевіча і Лосіка. Што пра яго вядома?Мікалай Доля таксама браў удзел у «палітычных» працэсах — 10 гадоў таму. У 2011 годзе ў Рэчыцы ён аштрафаваў заснавальніка гомельскага сайту «Сильные новости» Пятра Кузьняцова за «парушэньне заканадаўства аб друку». Тады супрацоўнікі ДАІ знайшлі ў машыне Кузьняцова ўлёткі пра разгон Плошчы 2010 году ў Менску. Судзьдзя палічыў іх пэрыядычным выданьнем.
У 2014 годзе Долю перавялі з Рэчыцы ў Гомельскі абласны суд, дзе ён працуе і сёньня. Уваходзіць у калегію ў крымінальных справах.
Менавіта ў гэтым судзе слухаюць справу палітвязьняў Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Уладзімера Цыгановіча, Арцёма Сакалова і Зьмітра Папова.
Суд адбываецца ў закрытым рэжыме, зьвестак пра яго амаль ня маюць нават сваякі падсудных. Падсудным пагражае да 12–15 гадоў зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На тэрыторыі Беларусі памёр 16-гадовы ўцякач. Да гэтага яго ванітавала крывёю, — Onet.pl