Вольга Сафронава — чэмпіёнка Беларусі і фіналістка Кубка сьвету — 2019 па конным спорце, была ў складзе беларускай нацыянальнай зборнай і павінна была ўдзельнічаць у Алімпіядзе, але перад пачаткам Гульняў яе выключылі, спаслаўшыся на дрэнную форму яе каня. У прэсе былі паведамленьні пра тое, што Вольга не прайшла антыдопінгавую камісію, хоць на самой справе такіх абвінавачваньняў не было — ёй проста паведамілі, што яе конь Сандра кульгае. У польскай клініцы правялі незалежнае абсьледаваньне каня і пераканаліся, што гэта ня так.
Да гэтага Вольга трапіла ў сьпіс «здраднікаў Радзімы». Ён быў апублікаваны ў тэлеграм-канале «Юды онлайн». Сьпіс суправаджаў тэкст з наступным зьместам: «Паважаны працадаўца! Вашай увазе прадстаўляецца сьпіс асобаў, зь якімі немэтазгодна заключаць працоўныя адносіны. Гэтыя людзі здрадзілі ўжо адзін раз — здрадзяць і другі. Патрыёты Беларусі будуць сачыць за тым, каб Юдам не было месца ў нашай краіне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарговая беларуская спартоўка зьехала ў ПольшчуПасьля гэтай публікацыі Сафронава вырашыла зьмяніць месца жыхарства і трэніровак, але не грамадзянства. Вольга мяркуе, што «кульгавасьць» яе каня перад Алімпійскімі гульнямі — прамое наступства нязгоды зь яе грамадзянскай пазыцыяй:
«Я лічу, што гэта ўсё праз выказваньне маёй грамадзянскай пазыцыі, таму што перадумовы былі. У мінулым годзе ў лістападзе мяне выклікаў дырэктар Цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па конным спорце і паказаў мне фатаграфію з майго інстаграма, зробленую ў жніўні, пад бел-чырвона-белым сьцягам. Ён рэкамэндаваў мне выдаліць гэты пост з сацсетак, але я адмовілася гэта зрабіць. Ён сказаў, што калі я прыняла такое рашэньне, то я павінна прайсьці ў аддзел кадраў і падпісаць апавяшчэньне аб непадаўжэньні кантракту аб удзеле ў нацыянальнай зборнай. Я гэтае апавяшчэньне падпісала, але праз два тыдні кантракт мне ўсё-ткі працягнулі. Пасьля гэтага я не атрымала дазволу на ніводзін міжнародны старт».
Пра дэталі яна расказала ў інтэрвію Расейскай службе Радыё Свабода.
— Калі вы публікавалі гэтую фатаграфію, вы ведалі пра тое, што ў сувязі з гэтым на вас могуць аказваць ціск?
— Не, я ня думала пра гэта, я хацела проста падтрымаць свой народ, паказаць, што я зь ім салідарная. І я лічу гэта правільным.
— Зь якой прычыны вам усё-ткі працягнулі кантракт, як вы думаеце?
— Паняцьця ня маю. Магчыма, у нас усё ж мала спартоўцаў-коньнікаў міжнароднага ўзроўню. Усё ж такі я была патрэбная.
— Вы крытычна выказваліся на адрас спартыўных чыноўнікаў?
— Толькі сацсеткі, я нічога не казала. У мяне было адно інтэрвію на спартыўным партале ў сьнежні пасьля падпісаньня ліста Фонду спартыўнай салідарнасьці за сумленныя выбары і супраць гвалту. Там я таксама не выказвала сваіх пачуцьцяў.
— Як вы прынялі рашэньне застацца ў Польшчы і не вяртацца ў Беларусь?
— Спачатку ў мяне быў адпачынак, я вырашыла трохі перазагрузіцца. Пасьля гэтага ў праўладных тэлеграм-каналах зьявіліся сьпісы так званых здраднікаў, у якіх было парадку чатырохсот чалавек (спартоўцы, артысты, журналісты) з камэнтаром, што гэта «Юды Беларусі» і што іх нельга браць на працу ў краіне, а калі яны ўжо працаўладкаваныя, была рэкамэндацыя іх звольніць. Я была ў гэтым сьпісе.
— А вы ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту?
— Хадзіла на некалькі самых першых, самых масавых у жніўні мінулага году. Пасьля таго як пачаліся жорсткія затрыманьні, я спалохалася і выходзіць перастала. Але не перастала падтрымліваць мой народ.
— Вы плянуеце атрымаць польскае грамадзянства?
— Грамадзянства пакуль няма, я атрымала проста гуманітарную візу. Я зьбіраюся папрасіць спартыўнага грамадзянства Польшчы, не зьмяняючы асноўнага.
— І тады вы на спартыўнай арэне будзеце прадстаўляць Польшчу, а не Беларусь?
— Так. Я баюся, што калі я працягну трэніравацца і гадаваць свайго каня ў Беларусі, няма гарантый, што праз пару гадоў хтосьці зноў ня ўбачыць у яго кульгавасьць.
— Як вашы калегі паставіліся да вашага рашэньня пакінуць краіну і зьмяніць спартовае грамадзянства?
— Сёй-той падтрымаў у асабістых паведамленьнях, большасьць выбірае маўчаць, але гэта выбар кожнага.
— Вам удалося і вашых коней перавезьці ў Польшчу?
— Так, усё гэта доўжылася амаль два месяцы, і мы не хацелі гэта афішаваць, пакуль рабіліся аналізы і афармляліся дакумэнты. Проста з маім асноўным канём Сандрай мне ўдалося выехаць хутка, бо на той момант усе дакумэнты ўжо былі гатовыя для выезду на карантын у горад Аахен у Нямеччыне перад Алімпіядай. Я плянавала туды ехаць, таму рыхтавалася. А гэтыя маладыя коні заставаліся дома, да выезду іх ніхто не рыхтаваў.
— Як вас прынялі ў Польшчы?
— Я нават не чакала такой падтрымкі з польскага боку. Яны вельмі зацікаўленыя ў супрацоўніцтве, нават нечакана. Яны згодныя разгледзець маю кандыдатуру для зьмены спартыўнага грамадзянства.
— Вы нэрваваліся, што ня трапілі ў Токіё?
— Вядома! Я гадую свайго каня на працягу дзевяці гадоў. Я яго ўзяла неаб’ежджанага трохгадовым жарабём, а ён вельмі дарагі. Мы чакалі Алімпіяды, гэта была адзіная мэта і мара, як для любога спартоўца. Не было нават думкі яго прадаць. Зразумела, такая сытуацыя мяне вельмі засмуціла.
— Як цяпер вы сябе адчуваеце?
— Эмацыйны ўздым, бо ўсё зьмянілася. Новая краіна, новыя людзі, новыя магчымасьці, новае месца для трэніровак. Хочацца рухацца далей, трэніравацца і рыхтавацца да наступнай Алімпіяды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціманоўскую ў Польшчы ахоўваюць 6 чалавек