Жыхары Сан-Марына прагаласавалі за легалізацыю абортаў. Пакуль за гэта пагражае турма

Сан-Марына

Жыхары Сан-Марына прагаласавалі на рэфэрэндуме за легалізацыю абортаў. За адмену закону аб забароне перапыненьня цяжарнасьці, які дзейнічаў з 1865 году, выказаліся 77,28% удзельнікаў галасаваньня, супраць адмены — 22,72%. Пра гэта паведамляе San Marino RTV.

Санмарынцы выступілі за тое, каб дазволіць жанчынам перарываць цяжарнасьць да 12-га тыдня з моманту зачацьця. Пасьля гэтага тэрміну аборт магчымы, толькі калі існуе пагроза жыцьця маці або пры наяўнасьці ў плоду адхіленьняў, якія могуць стаць прычынай фізычнай ці псыхалягічнай шкоды.

Паведамляецца, што адным з ініцыятараў рэфэрэндуму стаў Саюз жанчын Сан-Марына. Цяпер дзяржаўны кангрэс краіны на працягу паўгода пасьля рэфэрэндуму павінен распрацаваць закон, які дазволіць аборты.

Па законе 1865 году жанчынам, якія зрабілі аборт, пагражала да трох гадоў пазбаўленьня волі, а мэдработнікам, якія ўдзельнічалі ў гэтай працэдуры, — да шасьці гадоў турмы. Жыхаркі Сан-Марына былі вымушаныя езьдзіць у суседнюю Італію, дзе перапыняць цяжарнасьць дазволена з 1978 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нават каб былі мускулы Шварцэнэгера». Макей ад імя Беларусі выступіў з трыбуны ААН: што ён сказаў?