Пра гэта стала вядома пасьля таго, як суд аштрафаваў кіраўніцу і інспэктарку рэжымна-сакрэтнага сэктару Крывароскага раённага ўпраўленьня паліцыі за парушэньне рэжыму сакрэтнасьці пры наведваньні супрацоўнікаў Сьледчага камітэту Беларусі.
Супрацоўніцы заўчасна не паведамілі ўпраўленьню Службы бясьпекі аб прыбыцьці іншаземцаў і недакладна пазначылі дату іхнай працы ў раённым упраўленьні паліцыі. Прадстаўнікі Сьледчага камітэту Беларусі працавалі ў Крывым Рогу з 27 па 30 красавіка 2021 году. У рапарце ж супрацоўніцы рэжымна-сакрэтнага сэктару адзначылі толькі адзін дзень — 27 красавіка.
У судовым рашэньні не ўдакладняецца сутнасьць крымінальнай справы, з нагоды якой беларускія сьледчыя прыяжджалі ў Крывы Рог. Аднак у ім удакладняецца, што Крывароскае раённае ўпраўленьне дапамагала беларускім сьледчым на падставе ліста Галоўнага сьледчага ўпраўленьня Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны і адпаведнага запыту Сьледчага камітэту Беларусі.
Свабода пацікавілася ў Крывароскай раённай паліцыі і ў Службы бясьпекі Ўкраіны, што рабілі беларускія сьледчыя ў Крывым Рогу.
«Палітычныя запыты не выконваем»
У Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі, што правядзеньне працэсуальных дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны прадстаўнікамі замежных кампэтэнтных органаў прадугледжана Крымінальным працэсуальным кодэксам Украіны і міжнароднымі пагадненьнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне на запыт зь Беларусі шукаюць грамадзяніна за пагрозу гвалтам кіраўніку ДАІ МУС Беларусі«Калі ёсьць дастатковыя прычыны лічыць, што просьба аб міжнароднай прававой дапамозе накіраваная на перасьлед асобы за палітычныя перакананьні, такога запыту сьледчыя Службы Бясьпекі Ўкраіны не выконваюць», — паведаміў кіраўнік упраўленьня СБУ па ўзаемадзеяньні са сродкамі масавай інфармацыі і грамадзкасьцю Арцём Дзехцярэнка.
У той жа час Арцём Дзехцярэнка зьвярнуў увагу на тое, што ўкраінскае заканадаўства прадугледжвае абмежаваньне на «выдаваньне інфармацыі пра контравыведную, апэратыўна-пошукавую дзейнасьць і дасудовыя расьсьледаваньні».
Адмову ўдакладніць дэталі справы, якой займаліся беларускія сьледчыя ва Ўкраіне, Арцём Дзехцярэнка патлумачыў тым, што такую інфармацыю можна перадаваць толькі на падставе «пісьмовага дазволу сьледчага ці пракурора і ў тым аб’ёме, у якім яны прызнаюць магчымым».
Паліцыя Крывога Рога: «Інфармацыя мае абмежаваны доступ»
У Крывароскім раённым упраўленьні паліцыі паведамілі, што ня маюць прававых падстаў перадаваць інфармацыю, пра якую ішлося ў афіцыйным запыце Радыё Свабода. Кіраўнік упраўленьня Валерый Люты падкрэсьліў, што супрацу Ўкраіны і Беларусі рэглямэнтуе Канвэнцыя аб прававой дапамозе і прававых дачыненьнях у цывільных, сямейных і крымінальных справах ад 22 студзеня 1993 году.
Паводле яго, міжнародная прававая дапамога ажыцьцяўляецца праз упаўнаважаны орган.
«Цэнтральным органам Украіны ў міжнароднай супрацы падчас вядзеньня крымінальнай справы зьяўляецца Офіс генэральнага пракурора», — дадаў Валерый Люты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна перадасьць Беларусі зьвесткі пра грамадзяніна, які нібыта пагражаў аднаму з кіраўнікоў віцебскага АМАПуЧым вядомы Крывы Рог?
Беларускія ўлады заўсёды называлі гэты ўкраінскі горад сталіцай беларуска-ўкраінскай супрацы. Найперш таму, што менавіта крывароскія мэталюргічныя прадпрыемствы — найбольшыя ва Ўкраіне пакупнікі машынабудаўнічай прадукцыі Беларусі, у прыватнасьці Беларускага аўтамабільнага заводу і Менскага аўтамабільнага заводу.
У гэтым украінскім горадзе працуе пяць горна-абагачальных камбінатаў і адно з найбольшых мэталюргічных прадпрыемстваў «АрселорМіттал Кривий Ріг».
Летась Беларусь прадала Крывому Рогу 54 тралейбусы.
На мясцовых выбарах у 2016 годзе ў мэры гораду балятаваўся экс-камандзір добраахвотніцкага батальёна «Данбас», былы народны дэпутат Сямён Сяменчанка. Сёлета ў траўні Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі зьвярнуўся ў праваахоўныя органы Ўкраіны па правядзеньне ягонага допыту ў справе Мікалая Аўтуховіча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць Аўтуховіча завялі яшчэ адну справу? КДБ Беларусі хоча дапытаць ва Ўкраіне сьведкаў у справе беларускага актывістаЦяпер Сямён Сяменчанка арыштаваны паводле падазрэньня ў стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня. Пазьней яму выставілі дадатковае абвінавачаньне ў тэрарызьме па факце збройнага нападу ў ліпені 2019 году на тэлеканал «112» (сёлета Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны ўхваліла рашэньне аб закрыцьці гэтага каналу як прарасейскага. — РС).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-камандзіра батальёну «Данбас» Сяменчанку перавялі пад хатні арышт. Што ён сказаў пра Аўтуховіча, Беларусь і выведку