Новым судзьдзём у справе групы палітвязьняў стаў Мікалай Доля, інфармуе «Эўрарадыё». Папярэдняга — Мікалая Бакунова — павысілі, ён стаў старшынём суду Чыгуначнага раёну Гомля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзьдзя, які вядзе справу Ціханоўскага, Статкевіча і Лосіка, прызначаны на іншую пасадуМікалай Доля таксама браў удзел у «палітычных» працэсах, 10 гадоў таму. У 2011 годзе ў Рэчыцы ён аштрафаваў заснавальніка гомельскага сайту «Сильные новости» Пятра Кузьняцова за «парушэньне заканадаўства аб друку». Тады супрацоўнікі ДАІ знайшлі ў машыне Кузьняцова ўлёткі пра разгон Плошчы 2010 году ў Менску. Судзьдзя палічыў іх пэрыядычным выданьнем.
У 2014 годзе Долю перавялі з Рэчыцы ў Гомельскі абласны суд, дзе ён працуе і сёньня. Уваходзіць у калегію па крымінальных справах.
Менавіта ў гэтым судзе слухаюць справу палітвязьняў Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Уладзімера Цыгановіча, Арцёма Сакалова і Зьмітра Папова.
Суд адбываецца ў закрытым рэжыме, зьвестак пра яго амаль ня маюць нават сваякі падсудных. Падсудным пагражае да 12-15 гадоў зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Ціханоўскі з турмы: «Катлеты майго рэцэпту могуць мець попыт»Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.