Аб сустрэчы Макей расказаў тэлеканалу «Беларусь-1», піша zerkalo.io. Пасьля падзяк у бок кіраўніцтва ААН і падкрэсьленьня важнасьці «працягу сумесных намаганьняў, накіраваных на ўмацаваньне міру і стабільнасьці ў рэгіёне», міністр дадаў, што лічыць недапушчальным выкарыстаньне «асобных структур ААН для дэманізацыі Беларусі, дыскрэдытацыі Беларусі з абсалютна надуманых палітызаваных матываў».
Макей зазначыў, што генэральны сакратар ААН «нават ня ведаў некаторых момантаў».
— І я так разумею, што асобныя яго памочнікі, а гэтыя памочнікі, як нам вядома, зьяўляюцца прадстаўнікамі краін – чальцоў Эўрапейскага зьвязу, за яго сьпінай робяць шэраг, скажам, непрывабных рэчаў. І калі ў найбліжэйшы час будуць апублікаваныя адпаведныя матэрыялы па лініі ААН з падачы гэтых памочнікаў генэральнага сакратара, мы раскажам аб тым, як некаторыя прадстаўнікі каманды ААН у Беларусі скарысталі фінансавыя сродкі ААН, якія выдзяляюцца для людзей з інваліднасьцю, на падтрымку ўдзельнікаў пратэставых акцый і да таго падобнае, — заявіў кіраўнік беларускага МЗС.
Макей 21-28 верасьня наведвае Нью-Ёрк для ўдзелу ў 76-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Санкцыі супраць Беларусі прывядуць да зьніжэньня ўраджайнасьці ў сьвеце». 5 цытатаў Макея з выступаў у Нью-Ёрку