Саўка ды Грышка пра даносы

Героі Лявона Вольскага разьбіраюцца, чаму беларусы даносяць адно на аднаго.

Грышка:
Мы ісьціну разам шукалі ў віне.
Ішлі мы празь сьнег і празь вецер…
Навошта ты, Саўка, данёс на мяне?

Саўка:
Таму, што,
Таму, што
Ты флаг на балкане павесіў.

Грышка:
Хай кожны трымае сваё рэнамэ.
Хай розьняцца сродкі і мэта.
Навошта ты, Саўка, данёс на мяне?

Саўка:
Таму, што,
Таму, што
Я думаў, ня выплыве гэта.

Саўка:
А што вы хацелі? Страну у агне?
Аддачу сваіх церыторый?

Грышка:
Навошта ты, Саўка, данёс на мяне?

Саўка:

Таму, што,
Таму, што,
Таму, што так нада, Грыгорый.