Пагроза поўнамаштабнай агрэсіі з боку Расеі ёсьць і будзе працягвацца. Пра гэта ў інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода заявіў галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валерый Залужны.
«Я заўсёды казаў пра гэта з моманту ўступленьня на пасаду. Таму што гэта пагроза поўнамаштабнай агрэсіі — яна была. І, на жаль, я павінен сказаць, што, напэўна, гэта будзе працягвацца. Адпаведна, наша задача як Узброеных сілаў — не чакаць „маны нябеснай“, мы павінны да гэтага падрыхтавацца», — падкрэсьліў Залужны.
Ён дадаў, што з гэтай мэтай праводзяцца вучэньні, у тым ліку з прыцягненьнем заходніх партнэраў, членаў NATO.
«Мы робім усё магчымае, каб у праціўніка, так бы мовіць, было менш жаданьня рэалізаваць такі сцэнар», — сказаў галоўнакамандуючы Узброеных сілаў Ўкраіны.
У той жа час ён заявіў, што ў цяперашні час разглядаецца толькі адзін варыянт вяртаньня акупаваных тэрыторый Данбасу — дыпляматычны.