24 верасьня беларускія праваабаронцы выступілі з супольнай заявай аб прызнаньні палітычнымі зьняволенымі яшчэ 14 чалавек.
Сярод іх узятыя пад варту:
- Уладзіслаў Тамашэвіч і Аляксей Чашун — за падпал дзяржаўнага сьцяга (іх абвінавачваюць па арт. 370 КК),
- Аляксандар Бабко, Ігар Мысьлівец, Алена Дзядзюля, Вольга Дубовік, Андрэй і Кацярына Арыко, Максім Дубешка — па ч. 2 арт. 339 КК за нанясеньне надпісаў на стагах сена,
- Вадзім Гіль — за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК),
- Андрэй Рунцо — за рытуальны вянок, дастаўлены да дома супрацоўніка МУС (яго абвінавачваюць па ч. 2 арт. 339 КК),
- Яна Мілеўская — яе абвінавачваюць у «зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў» (арт. 370 КК),
а таксама асуджаныя:
- Мікалай Лёгкі, асуджаны паводле арт. 369 КК да 2 гадоў абмежаваньня волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу,
- Віталь Самсонаў, асуджаны паводле артыкулаў 339 і 370 КК да 2 гадоў абмежаваньня волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу.
Праваабаронцы лічаць іх перасьлед і пазбаўленьне волі палітычна матываванымі, зьвязанымі зь мірнай рэалізацыяй выказваньня меркаваньня, а іх саміх — палітычнымі зьняволенымі, і патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць іх і спыніць іх крымінальны перасьлед.
Праваабаронцы патрабуюць
- Прыняць меры, накіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэньняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць адказнасьць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сымбаляў і службовых асобаў, а менавіта — артыкулаў 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэксу Беларусі, і спыніць усе раней распачатыя паводле гэтых артыкулаў крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян Беларусі.
Агулам паводле стану на 24 верасьня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ўжо 685 чалавек. Пры гэтым рэальная колькасьць палітвязьняў у Беларусі можа быць шматкроць большая: праваабаронцы прызнаюць, што адпаведны статус вязьню надаюць толькі зь ягонай згоды ці згоды родных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бракуе грошай, здымаюць на камэру, разьдзяваюць. Як «палітычным» ускладняюць жыцьцё на «хіміі»