IT-кампанія PandaDoc прыцягнула новыя інвэстыцыі, і цяпер яе ацэньваюць больш як у мільярд даляраў, паведаміла выданьне Techcrunch.
Галоўны офіс PandaDoc, якая спэцыялізуецца на электроннай дакумэнтацыі, знаходзіцца ў Сан-Францыска ў ЗША, але заснавальнікі кампаніі – беларусы.
2 верасьня 2020 году ў менскім офісе PandaDoc прайшлі ператрусы. 7 з 20 супрацоўнікаў затрымалі для допыту. Цягам двух дзён супрацоўнікі ДФР апыталі больш за 100 работнікаў кампаніі.
4 верасьня стала вядома аб завядзеньні крымінальнай справы нібыта за крадзеж зь бюджэту супраць чатырох супрацоўнікаў кампаніі:
- дырэктара Дзьмітрыя Рабцэвіча;
- мэнэджара па прадукце Віктара Куўшынава;
- бухгальтаркі Юліі Шардыкі;
- HR Уладзіслава Міхалапа.
Паводле вэрсіі сьледзтва, яны як група асобаў, выкарыстоўваючы службовае становішча, завалодалі грашовымі сродкамі памерам каля 107 тысяч рублёў зь бюджэту.
11 верасьня 2020 году супрацоўнікам кампаніі было выстаўлена абвінавачаньне, але ўжо паводле іншага артыкула: не за крадзеж зь бюджэту, а за махлярства (частка 4 артыкула 209).
Крымінальны перасьлед сваіх супрацоўнікаў кіраўнік кампаніі Мікіта Мікада зьвязваў з праектам дапамогі сілавікам, якія звольніліся. 15 верасьня 2020 году Мікіта Мікада абвясьціў, што прыпыніў праект дапамогі. 23 верасьня 2021 году стала вядома, што кампанія PandaDoc дамаглася зьняцьця арышту са свайго рахунку. Для гэтага кампанія пералічыла на дэпазыт Сьледчага камітэту 107 тысяч рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу супраць айцішнікаў PandaDoc спынілі. Яны заплацілі больш за 100 тысяч рублёў11 кастрычніка 2020 году дырэктара PandaDoc Дзьмітрыя Рабцэвіча выпусьцілі зь СІЗА КДБ пад хатні арышт. 13 кастрычніка зьмянілі меру стрыманьня яшчэ дваім фігурантам справы — Юліі Шардыцы і Ўладзіславу Міхалапу.
Мэнэджар PandaDoc Віктар Куўшынаў быў вызвалены толькі 20 жніўня 2021 году, правёўшы амаль год за кратамі.